Польскі банк Millennium будзе прымаць ад беларусаў праязны дакумент замежніка

Банк Millennium

Банк Millennium / DigitalMammoth / Shutterstock

Польскі банк Millennium будзе прымаць праязныя дакументы замежніка ў якасці пасведчання асобы. Пра гэта банк паведаміў у сацсетках у адказ на зварот ініцыятывы Białorusini DP.

Рашэнне было прынятае пасля шэрагу зваротаў беларусаў, якія не могуць атрымаць нацыянальны пашпарт. У банку кажуць, што разумеюць сітуацыю кліентаў, ад якіх не залежыць атрыманне пашпарта ў краіне паходжання:

"Таму мы завяршаем унясенне змяненняў у працэдуры і сістэмы, дзякуючы якім не пазней за снежань 2026 года мы будзем таксама прымаць польскі праязны дакумент для замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу кліента".

Раней у банку патрабавалі да 12 снежня 2026 года абнавіць дакументы — падаць актуальны пашпарт і дазвол на жыхарства. Цяпер гэты тэрмін падоўжылі да 30 студзеня 2027 года — у кліентаў з'явіцца болей часу для выканання фармальнасцей.

Праўда, у каментарах беларусы адзначаюць яшчэ адзін нюанс: многія нашыя суайчыннікі вымушаныя жыць "паміж картамі пабыту". Многія з тых, хто легальна жыве і працуе ў Польшчы, па некалькі месяцаў вымушаныя чакаць абнаўлення ДНЖ пасля заканчэння тэрміну старога дакумента.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.