Падчас пажару ў віцебскім інтэрнаце ратавальнікі эвакуявалі 79 чалавек
Пажар у віцебскім інтэрнаце / Міністэрства па надзвычайных сітуацыях
Увечары 25 ліпеня ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у інтэрнаце на вуліцы Максіма Горкага ў Віцебску. Інфармацыя пра надзвычайную сітуацыю паступіла праз сістэму перадачы паведамленняў “Маланка”.
Супрацоўнікі МНС, якія прыбылі на месца, выявілі адкрытае гарэнне на балконе трэцяга паверха будынка. Узгаранне ўдалося аператыўна ліквідаваць. З інтэрната былі эвакуяваныя 79 чалавек, сярод іх 11 дзяцей — частку людзей вывелі ратавальнікі, астатнія пакінулі памяшканне пасля спрацоўвання сістэмы галасавога апавяшчэння пра пажар.
У выніку здарэння ніхто не пацярпеў. Для ліквідацыі пажару прыцягнулі 11 адзінак тэхнікі МНС. Прычыны ўзнікнення ўзгарання і абставіны здарэння цяпер высвятляюць спецыялісты.