Навукоўцы высветлілі, як мозг дадае новую інфармацыю да старых успамінаў
Нейроны гіпакампа "малююць" некаторыя з нейронных ланцугоў, якія забяспечваюць працу памяці / Instituto de Neurociencias
Навукоўцы з трох іспанскіх даследчых устаноў высветлілі, якую ролю ў абнаўленні ўспамінаў адыгрывае зубчастая звіліна гіпакампа — вобласць мозгу, звязаная з фармаваннем новых успамінаў, піша Euronews.
Даследаванне апублікаванае ў часопісе PLOS Biology. Навукоўцы вывучалі асаблівы тып нейронаў, які прыгнятае актыўнасць іншых клетак і дапамагае мозгу інтэграваць новы досвед.
Эксперыменты на мышах паказалі, што змяненне ўзроўню гэтага тармажэння ўплывае на здольнасць здабываць успаміны. Пры зніжэнні тармазной актыўнасці жывёлы дэманстравалі паводзіны, якія адпавядалі больш дакладнаму ўзнаўленню інфармацыі. Аднак аптымальны ўзровень тармажэння залежыць ад аб'ёму інфармацыі: пры невялікай колькасці даных яго зніжэнне паляпшае памяць, але пры значнай інфармацыйнай нагрузцы гэты эфект знікае.
На думку даследчыкаў, зубчастая звіліна гіпакампа можа пераключацца паміж двума рэжымамі ў залежнасці ад тыпу ўспаміну і кантэксту. У адным выпадку яна спрыяе дадаванню новай інфармацыі, а ў іншым дапамагае захаваць існы ўспамін нязменным пры з'яўленні новых стымулаў. Навукоўцы лічаць, што гэты механізм дазваляе мозгу дынамічна рэгуляваць працу памяці праз тармажэнне актыўнасці нейронаў.