На зборы ў войска саслалі нават камбайнера-тысячніка
Работнікі, якіх адправілі на вайсковыя зборы / Мінабароны Беларусі
На вайсковыя зборы ў ліку "нядбайных" работнікаў сельскай гаспадаркі адправілі камбайнера-тысячніка. Гэта заўважыла Радыё Свабода.
Імя Аляксея Клімовіча назвала ў сваёй справаздачы Мінабароны. У каментары вайсковаму інфармагенцтву "Ваяр" ён сказаў, што ў войска трапіў упершыню і хоча падчас збораў "падцягнуць фізічную форму". Прычыны сваёй адпраўкі на зборы Клімовіч не назваў.
Клімовіч — камбайнер эксперыментальнай базы "Натальеўск". Два гады таму ён першы ў Чэрвеньскім раёне намалаціў тысячу тонаў зерня. Летась яго хвалілі ў дзяржаўным інфармагенцтве БЕЛТА.
Пасылаць у войска "нядбайных" работнікаў загадаў у ліпені Аляксандр Лукашэнка. На пачатку жніўня ён хваліўся, што ў войска адправілі ўжо паўтысячы "нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў". І... прапанаваў іх у складзе войска адправіць на дапамогу сельскай гаспадарцы.
Мінабароны паведамляла, што вайсковыя зборы для гэтай катэгорыі мужчын працягнуцца 60 дзён. Удзельнікі будуць займацца баявой, агнявой, інжынернай і вайскова-медыцынскай падрыхтоўкай.
"Выкарыстанне вайсковых збораў у якасці "перавыхаваўчага" або карнага інструмента для аграрыяў — гэта прамая падмена паняццяў і злоўжыванне правам. Калі чалавека адпраўляюць у войска за парушэнне працоўнай дысцыпліны, зборы губляюць свой законны сэнс і ператвараюцца ў прымусовую працу і схаванае адміністрацыйнае пакаранне. Відавочнае маніпуляванне прабеламі ў заканадаўстве: фармальна прызыў афармляецца як звычайная позва, але падставай для яе служыць сігнал ад кіраўніцтва прадпрыемства або мясцовай адміністрацыі. Чалавека пазбаўляюць права на належную абарону і сувымернае пакаранне, прадугледжанае Працоўным або Адміністрацыйным кодэксам", — каментуе гэтую з'яву прадстаўнік праваабарончага цэнтра "Вясна".