На вучэннях гомельскай тэрабароны з'явіліся жанчыны ў форме — "Флагшток"

Зборы гомельскай тэрабароны

Зборы гомельскай тэрабароны / Гомельскі аблвыканкам

Сярод удзельнікаў збораў тэрытарыяльных войскаў Гомельскай вобласці былі заўважаныя жанчыны. Фота з імі з'явілася на дзяржрэсурсах. Пры гэтым у афіцыйных крыніцах не тлумачылі, хто гэтыя жанчыны і чаму яны ўдзельнічаюць у вучэннях, да якіх прыцягваюць толькі ваеннаабавязаных.

Выданне "Флагшток" з дапамогай "Кіберпартызанаў" апазнала сярод удзельніцаў збору трох чыноўніцаў.

Валерыя Шаціла — намесніца старшыні Гомельскага райвыканкама. Яна курыруе сферу будаўніцтва і ЖКГ. Акрамя таго, у яе абавязкі ўваходзіць разгляд пытанняў памежнай палітыкі, надзвычайных сітуацый, грамадзянскай і тэрытарыяльнай абароны. Яна ж узначальвае групу кіравання фармаваннем тэрытарыяльных войскаў Гомельскага раёна.

На зборах знаходзіцца і намесніца старшыні Кармянскага райвыканкама Яна Шахновіч. Яна таксама курыруе сферу будаўніцтва і ЖКГ, адпаведна — і кіраванне тэрабаронай раёна.

Трэцяя намесніца старшыні райвыканкама — са Светлагорска. Гэта Таццяна Белая.

Навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў праходзілі ў Гомельскім, Светлагорскім і Кастрычніцкім раёнах.

На фота ёсць і іншыя жанчыны. Мяркуецца, што яны таксама займаюць пасады намесніцаў старшыняў іншых райвыканкамаў.

Зборы працягнуцца да 25 верасня. 

На вучэннях гомельскай тэрабароны з'явіліся жанчыны ў форме — "Флагшток"
Шаціла, Шахновіч, Белая / калаж "Флагштока"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.