На Гродзеншчыне налічылі пару дзясяткаў "нядбайных" сельгасработнікаў

Юрый Караеў

Юрый Караеў / "Пул 4 Регион"

Каля 20-30 работнікаў сельскай гаспадаркі ў Гродзенскай вобласці плануюць адправіць у войска за кепскую працу на жніве. Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Юрый Караеў.

Паводле яго, гаворка ідзе пра людзей, якіх падазраюць у крадзяжах (дызельнага паліва, бензіну, камбікорму і сродкаў для апрацоўкі раслін) або нядобрасумленным выкананні сваіх абавязкаў падчас уборачнай кампаніі. Караеў паўжартам дадаў, што з іх ужо можна "сабраць узвод".

Прыдатных да службы, сказаў Караеў, могуць накіраваць бліжэй да паўднёвай мяжы Беларусі, як гэтага раней патрабаваў Лукашэнка. Іншых плануюць выкарыстоўваць у інжынерных падраздзяленнях для абаронных работ — пераносіць шпалы, капаць, укладваць рэйкі або займацца будаўніцтвам дарог.

22 ліпеня Лукашэнка запатрабаваў узмацніць дысцыпліну на жніве. Ён распарадзіўся ссылаць у войска аграрыяў, якія кепска працуюць, а таксама чыноўнікаў, якія не выконваюць распараджэнні. Пасля гэтага ваенкамы адправіліся па сельскіх гаспадарках складаць адпаведныя спісы. Напрыклад, на Магілёўшчыне ў такі "чорны спіс" трапілі ўжо каля 40 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.