На Дзень без аўтамабіля ў Гомелі не дазволілі бясплатны праезд у грамадскім транспарце
Аўтобус у Гомелі / Вікіпедыя
22 верасня ва ўсім свеце адзначаецца Дзень без аўтамабіля. Гэта экалагічная акцыя, накіраваная на тое, каб прыцягнуць увагі да праблемы забруджвання паветра.
Традыцыйна ў гэты дзень мясціны, якія далучыліся да акцыі, робяць для аўтамабілістаў бясплатным праезд у грамадскім транспарце. Дастаткова паказаць правы кіроўца і тэхпашпарт на аўто.
Гомельскія ўлады сёлета заявілі, што да акцыі далучыліся. Аднак праезд для кіроўцаў бясплатным не зрабілі, пішуць "Моцныя навіны".
Журналісты даведаліся пра гэта ад гомельскіх аўтамабілістаў і звязаліся з гарадскім аўтапаркам, каб спраўдзіць інфармацыю. Там пацвердзілі, што сёлета праезд платны нават для тых, хто падтрымаў акцыю і пакінуў машыну дома.
Пазней стала вядома, што ў Магілёве таксама аўтамабілістам не дазволяць у гэты дзень ездзіць у грамадскім транспарце бясплатна.