50 беларускіх ваяроў могуць быць звольнены са службы ва Украіне адным днём
Беларускія ваяры са знішчанымі пашпартамі трапілі ў заканадаўчую пастку / Яўген Чарвінскі
10 лістапада 2026 года беларусы, якія абараняюць Украіну, могуць згубіць легальны статус. Гэта тычыцца тых, у каго няма на руках дзейнага беларускага пашпарта, бо той быў знішчаны ці згублены.
Такія вайскоўцы рызыкуюць быць звольненымі са службы за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. А разам з тым страцяць ільготы і будуць вымушаны пакінуць Украіну.
Пад такую пагрозу могуць трапіць да 50 добраахвотнікаў.
У Вярхоўнай Радзе створана працоўная група, якая займаецца вырашэннем гэтага пытання. Але ніхто пакуль не зрабіў ясных прапаноў, як не давесці сітуацыю да абсурду. Няўжо Украіна сёння можа дазволіць сабе раскідвацца беларускімі ваярамі?
Што кажа добраахвотнік
Пра беларускага добраахвотніка Эміля Лабейку і яго праблемы з легалізацыяй ва Украіне мы пісалі яшчэ мінулым летам. Тады хлопец спрабаваў атрымаць від на жыхарства без пашпарта, які быў страчаны падчас аднаго з баявых выездаў.
Цяпер Эміль зноў на вайсковай службе, куды таксама было цяжка трапіць праз адсутнасць галоўнага дакумента.
— У вайсковай часці ведаюць пра гэтую праблему, але яны не могуць паўплываць на гэтую сітуацыю, таму што вырашэнне такіх пытанняў цалкам ляжыць на Дзяржаўнай міграцыйнай службе. Пры гэтым пабрацімы падтрымліваюць ды кажуць, што нікуды мяне ў разе чаго аддаваць не збіраюцца.
Магчыма, і існуе верагоднасць, што прыйдзе загад, каб звольнілі такіх, як я, але я скептычна да гэтага стаўлюся і спадзяюся, што не прыйдзецца далей звяртацца ў суд тут, ва Украіне, а потым, калі спатрэбіцца, і далей.
У святле новага закона Эміль сёлета падаў яшчэ адзін запыт у ДМС на часовы від на жыхарства, а таксама звярнуўся да Часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны па расследаванні магчымых парушэнняў заканадаўства ва ўмовах ваеннага становішча. Як ён кажа, “вельмі прыкра, што такія пытанні трэба вырашаць вось так”.
— Без гэтага закона я мог далей працягваць служыць і не думаць аб тым, што мяне могуць звольніць.
Што кажа закон
Напрыканцы 2025 года ў закон Украіны былі ўнесены змяненні адносна прававога статусу і медыцынскага забеспячэння ваеннаслужачых з ліку замежнікаў і асоб без грамадзянства.
Паводле яго, ваяры, якія заключылі кантракт да таго, як гэты закон уступіў у сілу, абавязаны на працягу шасці месяцаў з дня набыцця ім сілы (з 10.05.2026) прайсці працэдуру легалізацыі свайго знаходжання.
— Калі чалавек меў раней нейкую паперу, быў легалізаваны на тэрыторыі Украіны на іншых падставах, ён можа падацца адразу на грамадзянства. Але зноў жа, каб гэта зрабіць, трэба мець унутраны дакумент — ВНЖ часовы ці пастаянны, — якога ў іх няма, бо яны не могуць яго атрымаць.
На пачатку іх не рабілі, бо вайсковы квіток быў легальнай падставай, цяпер ім кажуць, што яго недастаткова.
Як можна вырашыць праблему
Дзеючае заканадаўства не змякчае механізмаў, якія дазволілі б вырашыць праблему беларускіх добраахвотнікаў без пашпартоў.
Таму рабочая група распрацавала аналітычную запіску з апісаннем праблем і прапановамі “аб удасканаленні заканадаўства ў галіне прававога статусу асобных катэгорый замежнікаў ва Украіне падчас вайсковага становішча”.
Паводле яе, замежныя ваяры ды ветэраны маглі б падаваць вайсковы білет, які сведчыць асобу і пацвярджае яе спецыяльны статус, замест пашпарта — прынамсі, для мэт праходжання міграцыйных працэдур, дакументавання і набыцця грамадзянства Украіны.
Еўрарадыё звярнулася да Міністэрства абароны Украіны з запытам: ці дапамагаюць яны ў гэтай сітуацыі і якое бачаць рашэнне? Як толькі мы атрымаем адказ, ён будзе апублікаваны.