На 5 гадоў дыскваліфікавалі былога трэнера жаночай зборнай РБ па баскетболе

Рымантас Грыгас

Рымантас Грыгас / LRT

Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) дыскваліфікавала былога галоўнага трэнера жаночых зборных Беларусі і Літвы Рымантаса Грыгаса. Яму забаронена займаць якія-небудзь пасады ў сферы баскетбола да 27 кастрычніка 2030 года.

Таксама дысцыплінарная камісія ФІБА аштрафавала Грыгаса на 12 000 швейцарскіх франкаў (12 768 еўра).

Раней трэнера абвінавацілі ў сексуальных дамаганнях. У адпаведныя органы паступілі скаргі ад баскетбалістак зборнай Літвы, якія вырашылі не называць свае імёны.

Паведамленні пра дзеянні Грыгаса спярша з'явіліся ў літоўскай прэсе. Некалькі спартовак з нацыянальнай зборнай расказалі пра дамаганні ці намёкі на іх з боку галоўнага трэнера. Пасля публікацыі Літоўская баскетбольная федэрацыя пачала расследаванне. Менш чым праз тыдзень пасля пачатку расследавання камісія прыйшла да высновы, што ў паводзінах Грыгаса не выяўлена праяваў сексуальнага дамагання. Тым не менш трэнеру вынеслі папярэджанне за магчымыя парушэнні ў камунікацыі. На час расследавання Грыгас падаў у адстаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.