“Мітынгі сябе вычарпалі”. Як цяпер варта адзначаць беларускія палітычныя святы?
Дзень Годнасці у Варшаве, 9 жніўня 2026 года / LookByMedia
На канцэрт-мітынг 9 жніўня, прысвечаны шостай гадавіне падзей 2020 года, на плошчу ля помніка Каперніку ў Варшаве сёлета прыйшло ўсяго некалькі сотняў чалавек. Не нашмат болей іх сабралася ў Вільнюсе, а таксама ў іншых краінах і гарадах, дзе пражываюць найбольш актыўныя эмігранты з Беларусі.
Бачна, што масавыя формы святкавання палітычных падзей беларускай гісторыі ўсё меней цікавяць простых беларусаў праз стомленасць, нецікавасць і пагрозы пераследу.
Еўрарадыё запыталася ў прадстаўнікоў беларускіх дыяспар з розных краін і гарадоў, ці сапраўды палітычныя мітынгі і шэсці на дадзены момант сябе зжылі і якім чынам можна адрадзіць інтарэс людзей да сустрэч, беларускай культуры і справы?
“Дапамагаць ім не страціць сувязь з Беларуссю”
Апытаныя рэдакцыяй эксперты і актывісты ўпэўнены, што невысокі ўдзел беларусаў у публічных палітызаваных падзеях не азначае знікненне салідарнасці. Проста яна мяняе сваю форму — з гучных палітычных лозунгаў на штодзённую культурную і асветніцкую працу.
Так, Людвіка Кардзіс, дырэктарка “Беларускага музея імя Івана Луцкевіча” ў Вільні, лічыць, што не варта спяшацца з высновамі пра поўны заняпад вулічных акцый, хоць стомленасць і страх сапраўды прысутнічаюць. На яе думку, важна прапаноўваць людзям фарматы, якія дапамагаюць адчуць сябе часткай супольнасці праз культуру і штодзённыя справы
“Чалавек, які прыйшоў на беларускую выставу, прывёў дзіця на беларускі майстар-клас ці проста загаварыў па-беларуску, таксама ўдзельнічае ў агульнай справе. Мне здаецца, цяпер наша задача не толькі збіраць людзей на акцыі, але і дапамагаць ім не страціць сувязь з Беларуссю”.
Звяртае ўвагу на спецыфічныя рызыкі ў Грузіі актывіст Раман Кісляк, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Аджарыі. Тут удзел у мітынгах можа прывесці да забароны на ўезд у краіну. Гэта вымушае дыяспару пераходзіць да больш закрытых або прыватных фарматаў мерапрыемстваў.
“Сустрэчы адбываюцца цяпер толькі ў памяшканнях, бо людзям патрэбна эфектыўнасць. Калі б быў заўважны эфект ад акцый, тады і людзей было б больш. Зараз людзі гэтую функцыю [інфармацыйную] часткова дасягаюць іншымі сродкамі”.
Галоўнымі чыннікамі зніжэння актыўнасці з’яўляюцца рэпрэсіі і адсутнасць хуткіх палітычных перамен, кажа Ян Абадоўскі, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку.
Пры гэтым актывіст адзначае, што патрэба быць разам застаецца, але яна вымагае больш “жывых” фарматаў: фестываляў, канцэртаў, квізаў, воркшопаў.
“Каб чалавек мог прыйсці не толькі на палітыку, але і проста пабыць сярод сваіх, пачуць беларускую мову і адчуць, што ён не адзін”.
Актывісты з Кракава пагаджаюцца, што чыста палітычныя мерапрыемствы збіраюць усё менш удзельнікаў, таму яны робяць стаўку на культурныя ініцыятывы і канкрэтную дапамогу палітвязням. Яны ўпэўнены, што аб’ядноўваць людзей варта праз іх непасрэдныя інтарэсы.
“Вялікія мерапрыемствы, фокус якіх на беларускай культуры, класных беларусах і беларусках ды на стварэнні свята, — гэта адно з рашэнняў. Наша справа — гэта стварыць асяродак, дзе як мага большая колькасць людзей знойдзе для сябе ўлюбёны кавалачак Беларусі”, — кажуць суразмоўцы.