Міністр абароны просіць узнагародзіць аграрыяў, сасланых у войска — Лукашэнка
Вясковыя работнікі, забраныя на зборы / Мінабароны Беларусі
Міністр абароны Віктар Хрэнін хоча ўзнагародзіць "нядбайных" аграрыяў, сасланых у войска. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры канцы ліпеня Лукашэнка даручыў пасылаць у войска тых работнікаў сельскай гаспадаркі, якія кепска працуюць падчас жніва. У прыватнасці, ён загадаў іх пасылаць на мяжу з Украінай, дзе размяшчаюцца сілы спецаперацый. Ваенкамы і кіраўнікі раёнаў склалі "чорны спіс", у які ўвашлі каля 500 чалавек. У мінабароны паведамілі, што гэтыя людзі будуць забраныя на 60 дзён на вайсковыя зборы.
Паводле Лукашэнкі, міністр абароны Віктар Хрэнін далажыў яму, што гэтыя людзі добра зарэкамендавалі сябе на зборах і ў войска да іх прэтэнзій няма.
"Я не паверыў. Кажу: "Пераправер, сам паглядзі". Яшчэ раз праз тыдзень пытаюся. Ён мне: "Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце заахвоціць". Кажу: "Ты што, з глузду з'ехаў? Гэта ж п'яніцы, такія-сякія..." Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа. Ну ніякіх прэтэнзій", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Таксама Лукашэнка заявіў, што забраныя ў войска вяскоўцы "зямлянкі выкапалі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі". Ён дадаў, што быў не супраць, каб міністр абароны ўзнагародзіў некаторых з іх.