"Кіберпартызаны" назвалі колькасць загінулых на баку Расіі ў вайне з Украінай
Вайна Расіі супраць Украіны / zn.ua
Беларускае аб'яднанне "Кіберпартызаны" падлічыла, што з 2022 года па 27 жніўня 2026 года на баку Расіі ў вайне з Украінай загінулі мінімум 393 881 чалавек.
Падлік зроблены на падставе базы рэгістрацыі смерцяў Расстата. "Кіберпартызаны" улічвалі толькі тыя запісы, дзе ў прычыне смерці выразна пазначаны ваенныя або баявыя дзеянні. Гэта коды Y36 ("Ваенныя дзеянні") і Y89.1 ("Наступствы ваенных дзеянняў") па класіфікатары МКБ-10, а таксама запісы са слоўным указаннем на такую прычыну без кода.
Дадзеная лічба адлюстроўвае мінімум устаноўленых загінулых толькі на расійскім баку. "Кіберпартызаны" адзначаюць, што ў статыстыку мог трапіць невялікі працэнт невайсковых грамадзян Расіі, загінулых у выніку баявых дзеянняў, а таксама загінулых у іншых войнах за гэты перыяд.
Акрамя таго, з-за памылак пры ўводзе даных частка загінулых магла не трапіць у падлік. Не ўлічаны і тыя, хто не трапіў у рэестр або ўнесены без прычыны смерці альбо з няправільнай прычынай.
"Кіберпартызаны" падкрэсліваюць, што лік загінулых трэба адрозніваць ад агульнай колькасці страт асабовага складу, якая ўключае забітых, параненых, інвалідаў і прапаўшых без вестак.
Паводле іх даных, агульныя страты ў ваенных канфліктах, як правіла, у тры-пяць разоў перавышаюць лік памерлых. Атрыманая лічба не разыходзіцца з данымі аб стратах расійскай арміі, якія публікуюць украінскія ведамствы.
"Кіберпартызаны" таксама паведамілі, што на аснове даных з баз беларускіх улад могуць падлічыць лік грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі і загінулі ў 2022–2024 гадах.