Экс-кіраўніка МУС Украіны вінавацяць у плагіяце артыкула дацэнткі БДУ
Ігар Кліменка / Нацыянальная паліцыя Украіны
Ва Украіне ў плагіяце вінававцяць Ігара Кліменку — былога кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў, а цяпер сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.
Кліменка абараніў дысертацыю "Тэорыя і практыка псіхалагічнага забеспячэння" ў 2019 годзе ў Харкаўскім нацыянальным універсітэце ўнутраных справаў. Яе праверылі з дапамогай сэрвісу "Плагіят і фальсіфікацыі ў навуковых работах". Плагіят быў выяўлены на 51 з 414 старонак дысертацыі Кліменкі, што складае 12%, піша Радыё Свабода.
Аналітыкі кажуць, што для напісання дысертацыі ён выкарыстаў пяць навуковых артыкулаў аўтараў з Расіі і па адным — з Украіны і Беларусі. Частка работы была спісаная з артыкулу тагачаснай аспіранткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталлі Саўлаковай (цяпер яна дацэнтка БДУ, кандыдат псіхалагічных навук) "Часавая перспектыва асобы: тэарэтычны аналіз праблемы". Артыкул быў апублікаваны ў 2010 годзе ў часопісе "Философия и социальные науки".
Хаця артыкул пазначаны ў спісе выкарыстаных крыніц, але ў самім тэксце дысертацыі ён нідзе не згадваецца. "Парадак размяшчэння абзацаў і выказванняў у дысертацыі Кліменкі — такі самы, як і ў артыкуле Саўлаковай, што сведчыць пра свядомае перапісванне чужога тэксту", — канстатавалі аналітыкі сэрвісу "Плагіят і фальсіфікацыі ў навуковых работах".