Экс-кіраўніка германскай разведкі арыштавалі па падазрэнні ў шпіянажы

Аўгуст Ханінг

Аўгуст Ханінг / dapd

У Германіі арыштавалі былога кіраўніка службы замежнай разведкі BND Аўгуста Ханінга. Яго падазраюць у шпіянажы — спробе перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі замежным спецслужбам. Пра гэта паведамляюць СМІ са спасылкай на Федэральную пракуратуру Германіі.

Адначасова з Ханінгам арыштавалі экс-кіраўніка яго апарата Манфрэда Д. — яго падазраюць у дапамаганні ў здзяйсненні злачынстваў.

Аўгуст Ханінг кіраваў BND з 1998 па 2005 год. Пасля адстаўкі Ханінга яго падначалены Манфрэд Д. працягваў працаваць у разведцы і меў доступ да сакрэтнай інфармацыі. Частку гэтых звестак ён за ўзнагароджанне перадаваў свайму былому кіраўніку.

Паведамляецца, што атрыманыя ад Манфрэда Д. даныя Ханінг прынамсі ў адным з выпадкаў выкарыстаў для падрыхтоўкі аналітычнага матэрыялу для спецслужбы замежнай дзяржавы. Ці змог ён перадаць гэты матэрыял адрасату, выявіць пакуль не ўдалося.

У СМІ пішуць, што Ханінг працаваў па ўсім свеце ў якасці кансультанта ў сферах бяспекі і бізнесу. У яго былі сувязі з Расіяй і Кітаем, у тым ліку з дзяржаўнымі структурамі. Апошнім часам у яго з'явіліся фінансавыя цяжкасці: у краінах Балтыі збанкрутаваў банк, у якім Ханінг быў чальцом назіральнай рады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.