Дроны зноў атакавалі Украіну з напрамку Беларусі
Дрон, ілюстрацыйнае фота / mil.in.ua
У ноч на 26 чэрвеня беспілотнікі зноў атакавалі Украіну з боку Беларусі. Ці карысталіся яны рэтранслятарамі, яшчэ не вядома, але жыхары Гомеля чулі, як над горадам кружляе дрон, заўважыў "Белсат".
У ноч на 26 чэрвеня расійскія войскі запусцілі па Украіне 7 балістычных ракет "Іскандэр-М" і 189 дронаў тыпу "Шахед" ды іх імітатараў. Украінцы здолелі збіць ці абясшкодзіць 3 ракеты і 174 дроны, але 4 ракеты і 11 дронаў ударылі па 12 лакацыях.
Крыніца "Белсата" ў Гомелі кажа, што ўначы было чуваць, як над горадам лётаў беспілотнік: ён з’яўляўся і знікаў цягам прыблізна 20 хвілін. Гук не быў падобны менавіта да "Шахеда", які ў палёце гучыць як мапед.
Праект "єРадар" фіксаваў, як дроны ляцяць з боку Мазыра на Оўруч і, магчыма, з боку Гомеля на Чарнобыль. З паведамленняў пра атакі незразумела, заляцелі гэтыя беспілотнікі з тэрыторыі Беларусі ці з Расіі ўздоўж мяжы з Беларуссю.
Напярэдадні праэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ў Беларусі пасля яго ультыматуму адключылі рэтранслятары ў памежнай тэрыторыі, якія накіроўвалі палёты расійскіх ударных беспілотнікаў.