Ці выратуюць беларускія і казахстанскія склады Wildberries ад банкруцтва?
ЗСУ планамерна знішчаюць бізнес Wildberries / DW
2 жніўня 2026 года ўкраінскія дроны паразілі чарговы склад кампаніі Wildberries, на гэты раз пад Самарай. Блогер Аляксандр Кнырович у эфіры Еўрарадыё сцвярджае, што калі страчваецца чвэрць лагістычнай інфраструктуры, лагістычныя ланцужкі пачынаюць працаваць з вельмі сур'ёзнымі збоямі.
Што чакае Wildberries ў бліжэйшай будучыні і да чаго рыхтавацца беларускім прадпрымальнікам і простым беларусам, якія прывыклі рабіць пакупкі ў гэтым расійскім маркетплейсе.
— Wildberries, на мой погляд, павінен прыйсці да банкруцтва. Калі ўсё будзе працягвацца такімі тэмпамі, а мы бачым, што "Птушкі Мадзяра" сёння працуюць вельмі дакладна і могуць наносіць удары на вялікай адлегласці, то сітуацыя для кампаніі будзе толькі пагаршацца.
Калі я не памыляюся, яшчэ да апошніх двух дзён ужо было выведзена з ладу амаль 18 працэнтаў усіх лагістычных магутнасцей Wildberries. А крытычная адзнака — гэта каля 25 працэнтаў. Калі страчваецца чвэрць лагістычнай інфраструктуры, лагістычныя ланцужкі пачынаюць працаваць з вельмі сур'ёзнымі збоямі.
Сэнс бізнесу заключаецца ў тым, каб аператыўна дастаўляць тавары. Калі ты не можаш зрабіць гэта хутка, то каму патрэбны тавары штодзённага попыту, якія прыедуць праз месяц? Нікому. Таму, каб фактычна вывесці кампанію Wildberries з нармальнага рэжыму работы, дастаткова страты прыкладна чвэрці яе лагістычных магутнасцей. І мне здаецца, што яны ўжо вельмі блізкія да гэтай лічбы. Трэба толькі падлічыць, што адбылося за апошнія некалькі дзён, — кажа Кнырович.
Ці выратуюць расійскую кампанію склады ў Беларусі і Казахстане, па якіх Украіна наўрад ці будзе наносіць удары? Ці можа ўвогуле Wildberries выратавацца?
— У чым сэнс банкруцтва? Не ў тым, што ў кампаніі не будзе грошай на будаўніцтва новых складоў. Галоўнае — іншае. Аснова бізнесу Wildberries — гэта прадаўцы, людзі, якія рэалізуюць свае тавары праз пляцоўку кампаніі.
І калі сёння Wildberries адкрыта кажа, што нічога не будзе кампенсаваць, а гэта цалкам зразумела, таму што ў кампаніі няма ні такіх сродкаў, ні адпаведнага страхавога пакрыцця, паколькі гаворка ідзе пра наступствы вайны, калі яна не дазваляе людзям забраць свой тавар і максімальна зацягвае выплаты ўжо зароблeных імі грошай, то кампанія паводзіць сябе вельмі недружалюбна адносна галоўнай асновы ўласнага бізнесу.
У такой сітуацыі гэтыя людзі павінны пачаць сыходзіць з кампаніі, разумеючы, што могуць страціць і тавар, і грошы. Гэта вельмі моцны ўдар па рэпутацыі. А для Wildberries рэпутацыя мае прынцыповае значэнне.
Таму банкруцтва сапраўды магчыма. І калі гэта адбудзецца, гэта будзе найбуйнейшае банкруцтва кампаніі ў гісторыі Расіі.
Мы бачым, што Wildberries гаворыць не толькі пра беларускі склад. Зразумела, што беларускі аб'ект — гэта 140 тысяч квадратных метраў. Калі агульныя страты ўжо набліжаюцца да мільёна квадратных метраў лагістычных плошчаў, то гэтыя 140 тысяч самі па сабе не вырашаць праблему. Яны могуць часткова дапамагчы абслугоўваць Смаленск, Пскоў, Бранск, Белгарад і некаторыя іншыя рэгіёны, але цалкам кампенсаваць страчаныя магутнасці беларускі склад не здольны.
Таму Wildberries шукае дадатковыя лагістычныя магутнасці і ў Казахстане. Пра гэта ўжо пішуць. Для таго каб захаваць бізнес, няхай і ў меншым маштабе, кампанія разглядае менавіта Казахстан. Гэта выглядае лагічна, паколькі значная частка тавараў з Кітая ў Расію праходзіць праз тэрыторыю Казахстана.
І яшчэ адзін момант. Лагістычныя магчымасці Беларусі не такія вялікія. У нас ёсць чыгунка, але яна і без таго моцна загружана. Калі з'явіцца вялікі паток тавараў, якія будуць ісці праз Шчамысліцу, а потым далей на захад Расіі, я не ўпэўнены, што беларуская лагістычная сістэма сёння здольна справіцца з такой дадатковай нагрузкай, — сцвярджае Аляксандр Кнырович.
Як украінскія ўдары па Wildberries б'юць па беларускім бізнесе і пакупніку? Эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё тлумачыць эфект.
— Калі ты ўкладваеш уласныя грошы, закупляеш тавар, ён захоўваецца на складзе, а потым гэты склад згарае разам з усімі таварамі, то гэта, безумоўна, прамыя страты для цябе і для твайго бізнесу.
Што ў такой сітуацыі робіць прадпрымальнік? Першы варыянт — проста зачыніць бізнес і спыніць дзейнасць. Але гэта, вядома, адразу адбіваецца на падатковых паступленнях у дзяржаўны бюджэт.
Акрамя таго, калі паглядзець на ВУП, значная частка яго росту фарміруецца за кошт падаткаў, якія плацяць грамадзяне, у тым ліку акцызаў і падаткаў на спажывецкія тавары. Таму, калі адбываюцца такія страты, гэта непазбежна ўплывае на ўсю эканоміку.
Перш за ўсё гэта закранае людзей, якія працуюць у гэтым бізнесе. Маркетплейсы ствараюць вакол сябе вялікі ланцужок прадпрымальнікаў, якія працуюць самастойна. Калі ты прадаеш тавары праз склад маркетплейса, ты не працуеш адзін. Ты наймаеш маркетолагаў, якія афармляюць карткі тавараў, людзей, якія размяшчаюць прадукцыю на платформе, і многіх іншых спецыялістаў.
Такім чынам, вакол маркетплейсаў фарміруецца цэлая экасістэма людзей, якія ў большасці сваёй працуюць як фрылансеры або індывідуальныя прадпрымальнікі і плацяць адпаведныя падаткі. Менавіта яны адными з першых адчуюць наступствы. Калі колькасць прадпрымальнікаў, якія прадаюць на Wildberries або Ozon, будзе скарачацца, гэта непазбежна адаб'ецца і на падатковых паступленнях, — сцвярджае экспертка.
Рыжычэнка папярэджвае, што праблемы Wildberries прывядуць да росту цэн на тавары.
— Уявім, што каля 30 працэнтаў твайго тавару проста згарэла на складзе. Іншая частка засталася, але табе неабходна неяк кампенсаваць страты. Грошы, якія ты мог бы зарабіць на знішчаным таваре, ужо страчаны. Таму гэтыя страты будуць закладзены ў кошт таго тавару, які яшчэ застаўся. У выніку ты будзеш прадаваць яго на маркетплейсе ўжо даражэй, чым раней, таму што ўключыш у цану страты ад знішчанай прадукцыі.
Гэта наўпрост паўплывае на сярэдні ўзровень цэн для беларускіх пакупнікоў, якія набываюць тавары праз гэтыя маркетплейсы, — упэўнена эканамістка.