Біл Гейтс лічыць ШІ небяспечным і заклікае пакінуць частку прафесій за людзьмі
Біл Гейтс / AFP via Getty Images
Штучны Інтэлект пагражае мільёнам працоўных месцаў. Акрамя таго, ён нясе пагрозу з'яўлення новай біялагічнай зброі і канцэнтрацыі ўлады ў руках некалькіх карпарацый. Пра гэта піша ў сваім эсэ сузаснавальнік кампаніі Microsoft Біл Гейтс, заўважыў Bild.
Тэхнамільярдэр мяркуе, што развіццё ШІ асабліва моцна закране такія галіны, як юрыспрудэнцыя, абслугоўванне кліентаў, медыцына, распрацоўка праграмнага забеспячэння і прамысловасць. Прычым здарыцца гэта на працягу аднаго дзесяцігоддзя, а не некалькіх пакаленняў.
Гейтс заклікае некаторыя прафесіі забраніраваць выключна для людзей, не дапускаючы да іх ШІ і робатаў. Ён нават прыдумаў асобны тэрмін — Human Reserved. Для прыкладу ён згадаў догляд за сваім бацькам, які памёр шэсць гадоў таму ад хваробы Альцгеймера. Даглядалі яго людзі, піша Гейтс: "У тым клопаце, які яны выказвалі да майго бацькі, было нешта незаменна чалавечае. Ні адзін робат не змог бы і не павінен быў бы гэтага рабіць. [...] Уявіце, што робат паведамляе вам жудасную навіну, што ў вас невылечнае захворванне. Няма ніякіх тэхнічных прычын, па якіх ён не мог бы гэта зрабіць. Але ён не павінен гэтага рабіць".
Таксама Гейтса турбуе ідэя аўтаномнай зброі, здольнай ужываць смяротную сілу без удзелу чалавека ў прыняцці рашэння.
Таксама ён перасцерагае, што сачэнне і маніпуляванне грамадскай думкай стануць больш простымі, больш таннымі і больш эфектыўнымі.
Гетс вінаваціць кіраўнікоў тэхналагічных карпарацый у свядомым заніжэнні рызыкі: "Цяпер яны кажуць адзін аднаму: "Гэй, лепш гэтага не кажы. Гэта нам шкодзіць. Мы якраз спрабуем прыцягнуць наступны трыльён долараў".
На думку Гейтса, наблішаецца рэвалюцыя ШІ: "ШІ альбо стане найбольшым ураўняльнікам, калі-небудзь вынайдзеным, альбо найгоршай крыніцай несправядлівасці".