Беларусаў прымушаюць распранацца на мяжы. Што кажуць праваабаронцы
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь / LookByMedia
У апошнія месяцы беларусы, якія вярталіся на радзіму з краін Еўрасаюза, шмат распавядалі пра прыніжальныя асабістыя праверкі. У асобных выпадках падчас так званага мытнага надгляду людзей прымушаюць распранацца да бялізны, а часам — цалкам.
Фармальнай падставай для такіх дзеянняў беларускія памежнікі і мытнікі называюць артыкул 329 Мытнага кодэкса ЕАЭС, які рэгулюе правядзенне асабістага мытнага надгляду. Аднак, паводле сведчанняў людзей і інфармацыі незалежных медыя, на практыцы падобныя праверкі нярэдка закранаюць тых, хто мае палітычны бэкграўнд, быў затрыманы падчас пратэстаў 2020 года або мае сваякоў, звязаных з “экстрэмісцкімі” структурамі.
Еўрарадыё паглядзела памежныя чаты і паразмаўляла з праваабаронцамі аб тым, ці працягваецца падобная практыка зараз.
Патлумачылі свае дзеянні распараджэннем зверху
Гэтым летам было некалькі гучных выпадкаў прымусовага распранання на мяжы з Польшчай і Літвой.
Адну з такіх гісторый апісала выданне MOST. Беларуска, якая вярталася ў краіну, перад гэтым прайшла допыт у КДБ. Ёй пагражалі накіраваннем у ІЧУ за лайкі, пастаўленыя чатыры гады таму. Пасля допыту жанчыну адвялі ў асобны пакой. Там у прысутнасці дзвюх супрацоўніц мытні і пад прыцэлам відэарэгістратараў яе прымусілі распрануцца да ніжняй бялізны. Увесь гэты час у аўтамабілі яе чакалі дзеці.
Паводле інфармацыі “Нашай Нівы”, яшчэ адзін беларус, які вяртаўся з Еўропы вясной, быў вымушаны распрануцца да майтак перад выпадковымі панятымі. Пасля гэтага ён падпісаў пратакол дагляду. Супрацоўнікі мытні патлумачылі свае дзеянні распараджэннем зверху.
Яшчэ аднаму падарожніку мытнікі, паводле ягоных слоў, непасрэдна заявілі, што такія праверкі праводзяцца выбарачна — па рашэнні начальніка мытні, калі да чалавека няма даверу.
“Магчыма, гэта была нейкая хваля”
У тэлеграм-супольнасцях, прысвечаных перасячэнню мяжы Беларусі з краінамі ЕС, у журналіста Еўрарадыё не атрымалася адшукаць папярэджанняў пра прымусовае распрананне. Людзі, якія мадэруюць такія чаты, таксама пра падобныя практыкі нічога не чулі і давалі стандартныя парады па перасячэнні мяжы аўтобусам ці на асабістым аўто.
Не фіксуюць падобных выпадкаў і апытаныя журналістам праваабаронцы.
“Так, мы з медыя чулі паведамленні пра тое, што пачалі распранаць людзей на мяжы. Пры гэтым гэтыя паведамленні суправаджаюцца інфармацыяй пра тое, што адначасова перасталі так шмат людзей затрымліваць у Беларусі па палітычных справах. Магчыма, гэта была нейкая хваля, калі людзей больш пачалі праводзіць праз такія асабістыя дагляды з распрананнем”, — разважае юрыстка праваабарончага цэнтра “Вясна” Святлана Галаўнёва.
Нельга сказаць, што гэтым летам усе, хто перасякаў беларускую мяжу, сутыкаліся ці працягваюць сутыкаюцца з асабістым мытным надглядам. Сама практыка агляду не новая.
“Агульны стандарт, які і ў кодэксе таксама прапісаны: такі агляд павінен праводзіцца з павагай да чалавека. Калі ёсць магнітная рамка, праз якую чалавек можа прайсці, то чалавек павінен праз рамку прайсці, а не так, каб яго абмацвалі і распраналі. Гэта ўжо хутчэй міжнародны стандарт: найменш інвазіўным шляхам, асабліва ў дачыненні да жанчын, праводзіцца такі агляд”, — дадае Галаўнёва.
Загад на поўнае распрананне часцей выконваюць у адносінах да людзей, падазраваных у палітычнай нелаяльнасці да ўлады. І такі падыход ужо даўно выкарыстоўваецца беларускімі сілавікамі.
“Мяне на мяжы здымалі з цягніка і распраналі яшчэ недзе дзесяць гадоў таму. Нават справа ёсць у Камітэце па правах чалавека ААН, у якой Камітэт пацвердзіў незаконнае ўмяшальніцтва ў маё прыватнае жыцце”, — распавёў праваабаронца і экс-палітзняволены Леанід Судаленка.
Суразмоўца лічыць, што гэта яшчэ адзін элемент сістэмы кантролю і запалохвання людзей. На жаль, адмовіцца ад такога агляду фактычна нельга. Але можна патрабаваць, каб забяспечваліся ўмовы, у якіх такі агляд праводзіцца.
“То-бок гэта не павінна адбывацца пры супрацоўніках ці чужых людзях іншага полу. Пры аглядзе павінны быць, акрамя супрацоўнікаў мытні, яшчэ і панятыя — людзі з вашага рэйса. Можна спрабаваць уплываць на тое, кім гэтыя людзі будуць.
Ну і ў прынцыпе я б не раіла моцна пярэчыць, але і зусім неяк сябе зневажаць таксама не трэба. Трэба адстойваць свае межы”, — лічыць Святлана Галаўнёва.