У Віцебску ліквідавалі рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне лютэран

Суд / Суд / Еўрарадыё

Суд, ілюстрацыйнае фота

26 жніўня Віцебскі абласны суд пастанавіў ліквідаваць Рэлігійнае аб’яднанне Евангеліцка-Лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

Як паведамляюць праваабаронцы з "Віцебскай вясны", аб'яднанне лютэран не прайшло дзяржаўную перарэгістрацыю, таму Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў папрасіў ліквідаваць яго. На суд прадстаўнікі бакоў не з'явіліся, папрасіўшы правесці працэс без іх.

Паведамляецца, што на пасяджэнні суддзя зачытала толькі заяву прадстаўніка дзяржаўных уладаў. Пра пісьмовыя пярэчанні ад кіраўнікоў рэлігійнай структуры яна сказала толькі тое, што яны па-беларуску, і агучваць не стала.

Суд задаволіў заяву Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Рэлігійнае аб’яднанне лютэранаў было зарэгістраванае 8 студзеня 2001 года. У снежні 2023 года ў Беларусі было прынятае новае рэлігійнае заканадаўства, якое істотна змяніла патрабаванні па рэгістрацыі рэлігійных аб'яднанняў.

"Многія рэлігійныя абшчыны не змаглі забяспечыць неабходную колькасць заснавальнікаў, атрымаць памяшканне для юрыдычнага адраса, пераканаць грамадзян раскрыць перад уладамі  свае персанальныя звесткі пра рэлігійныя перакананні", — расказаў выканаўца абавязкаў біскупа Евангеліцка-Лютэранскай Царквы ў Беларусі Канстанцін Мардзвінцаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.