Сталі вядомыя выдаткі хакейнага клуба, за які гуляюць браты Лукашэнкі

Гульцы каманды "Бастыён" — Мікалай Лукашэнка (у цэнтры) і Дзмітрый Баскаў (справа)

Гульцы каманды "Бастыён" — Мікалай Лукашэнка (у цэнтры) і Дзмітрый Баскаў (справа) / інстаграм-акаўнт @nikolay.lukashenko.rb

Аматарскі хакейны клуб "Бастыён", за які гуляюць два сыны Лукашэнкі, мае на сваіх рахунках у разы менш грошай, чым "Шчыт" — клуб Лукашэнкі-сярэдняга. Пра гэта даведаліся журналісты-расследвальнікі "Бюро", якія атрымалі доступ да гадавой справаздачнасці "Бастыёна".

Юрыдычная асоба "Хакейны клуб "Бастыён" была ўтвораная ў 2019 годзе. Яна аб’ядноўвае дзве структуры — непасрэдна сам "Бастыён" (гэта каманда першай лігі, за яе гуляюць Мікалай Лукашэнка і Дзмітрый Баскаў) і фарм-клуб "Бастыён-2" (каманда другой лігі, за яе гуляюць Віктар Лукашэнка, ягоны сын Аляксандр Лукашэнка-малодшы і пляменнік Уладзіслаў Гарусаў).

Расследвальнікі выявілі, што ў 2023 годзе на рахунках грамадскага аб’яднання "Хакейны клуб "Бастыён" было 54,75 тысячы рублёў (17 тысяч еўра). У 2024-м на рахунках налічвалася 98,5 тысячы рублёў (28 тысяч еўра), праз год — 104 тысячы рублёў (30 тысяч еўра). Сёлета клуб мае на сваіх рахунках 105,7 тысячы рублёў (32 тысячы еўра).

Агулам за чатыры гады журналісты налічылі на балансе "Бастыёна" амаль 363 тысячы беларускіх рублёў (107 тысяч еўра). Гэта ў сем разоў меней, чым патраціў на сваю дзейнасць клуб "Шчыт" Дзмітрыя Лукашэнкі за аналагічны перыяд.

Бюджэт "Бастыёна" складаецца з уступных і членскіх унёскаў і добраахвотных ахвяраванняў. Афіцыйна ў аб’яднанні зарэгістраваныя 10 неназваных сяброў, якія робяць штогадовыя ўнёскі на агульную суму 40 тысяч рублёў.

Як вынікае са справаздачнасці, гэтыя грошы цалкам ідуць на арганізацыю трэніровак. Таксама з гэтых грошай аплочваюцца камісіі банкаў, арэнда офіса і заробкі.

У штаце арганізацыі лічацца тры 3 супрацоўнікі на 0,25 стаўкі: бухгалтар, памочнік старшыні праўлення і сам старшыня праўлення. Як выявілі журналісты, узначальвае "Бастыён" прадпрымальнік Аляксандр Зайцаў, якога называюць адным з "гаманцоў" Лукашэнкі. У 2026 годзе ягоны аклад складае 595 рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.