Апытанне: 87% беларусаў задаволены сітуацыяй у краіне, адказваць пагадзіўся кожны 14-ы
Беларусы на свяце / LookByMedia
Тэлефоннае апытанне ў траўні 2026 года паказала, што 87% беларусаў задаволены сітуацыяй у краіне, а 74% аддаюць перавагу захаванню статус-кво. Даследаванне правёў "Цэнтр новых ідэй". Яго аўтары адзначаюць, што гэтыя лічбы лепш лічыць верхняй мяжой рэальных настрояў.
Апытанне правялі сярод 1003 жыхароў Беларусі старэйшых за 18 гадоў. Рэспандэнтаў выбіралі метадам выпадковага набору нумароў трох мабільных аператараў, якія ахопліваюць каля 98% насельніцтва. Доля тых, хто адказаў, склала 7%. Дадзеныя ўзважаны па параметрах Белстата: узрост, пол, рэгіён і тып населенага пункта.
Паводле дадзеных апытання, каля 70% рэспандэнтаў станоўча ставяцца да Расіі, а 86% называюць яе дружалюбнай краінай. На цесныя сувязі з Расіяй указалі 52%. Варыянт балансу ў адносінах з усімі краінамі выбралі 38%. Пры гэтым 46% аддаюць перавагу недалучэнню да блокаў, а ваенны саюз з Расіяй падтрымліваюць 38%.
Самымі недружалюбнымі краінамі рэспандэнты назвалі Літву (55%), Польшчу (49%) і Латвію (49%). ЗША такім жа чынам ацанілі 15%. Тое, што ў ЕС узровень жыцця вышэйшы, прызналі 37% апытаных.
Паміж пакаленнямі ёсць прыкметная розніца ў поглядах на знешнюю палітыку. Недалучэнне падтрымліваюць 76% людзей да 30-ці гадоў і 37% людзей старэйшых за 50. Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі падтрымліваюць 34% і 73% адпаведна.
43% назвалі крытычнай праблемай рост цэн, 16% паведамілі аб пагаршэнні фінансавага становішча. Яшчэ 40% хочуць, каб дзяржава больш падтрымлівала беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасць.
Важны кантэкст
Аўтары даследавання тлумачаць, што з 2020 года незалежныя апытанні грамадскай думкі ўнутры краіны фактычна немагчымыя. Сацыялагічныя даследаванні на палітычныя тэмы патрабуюць дзяржаўнай акрэдытацыі, якая недаступна незалежным арганізацыям.
Таму такія апытанні праводзяць па тэлефоне з-за мяжы. На думку аўтараў, людзі маглі адмаўляцца ад удзелу праз рызыку пераследу, а адказы на далікатныя пытанні маглі быць асцярожнымі.
Такі няўдзел у апытанні наўрад ці з'яўляецца выпадковым, падкрэсліваюць аўтары даследавання.
"Больш асцярожныя або недаверлівыя рэспандэнты могуць радзей згаджацца на ўдзел, у выніку чаго выбарка можа аказацца больш лаяльнай да ўлад і больш задаволенай, чым насельніцтва ў цэлым", — мяркуюць аўтары.
"Сярод апытаных 87% задаволены сітуацыяй у краіне. Пры ўзроўні ўдзелу ў 7% задаволенасць сярод усяго насельніцтва апусцілася б ніжэй за 50%, калі б сярод тых, хто не ўдзельнічаў у апытанні, узровень задаволенасці быў прыкладна на 40 працэнтных пунктаў ніжэйшы. У цяперашніх умовах нельга выключаць такую розніцу", — сцвярджаюць аўтары даследавання.
"Другой крыніцай скажэння вынікаў з'яўляецца самацэнзура. Рэспандэнты могуць даваць больш бяспечныя адказы на палітычна далікатныя пытанні, тады як на менш уразлівыя адказваць больш адкрыта", — гаворыцца ў тлумачэнні.