Зяленскі прапанаваў спыніць удары па НПЗ у абмен на паўзу ў атаках на энергетыку
Уладзімір Зяленскі / Telegram / Zelenskiy Official
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў гатовы спыніць удары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, калі Масква перастане атакаваць украінскую энергетычную інфраструктуру. Пра гэта ён напісаў у сваім тэлеграм-канале.
"Украіна будзе гатова спыніць удары па расійскіх НПЗ, калі Расія перастане наносіць удары па нашай энергетычнай інфраструктуры. Любыя крокі па дээскалацыі павінны быць узаемнымі і суправаджацца рэальнымі гарантыямі", — гаворыцца ў паведамленні Зяленскага.
Ён адзначыў, што спыніць атакі на энергетычныя аб'екты можна ўжо зараз, аднак, паводле яго слоў, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не хоча гэтага рабіць.
Прапанова прагучала пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп дазволіў Пуціну пастаўляць каля 5 млн тон дызельнага паліва на амерыканскі і сусветны рынкі. Рашэнне зняць абмежаванні на пастаўкі расійскага дызеля выклікала крытыку ў Кангрэсе ЗША. Там пачалі рыхтаваць поўную забарону на імпарт расійскай нафты.
Напярэдадні Financial Times паведаміла, што спецпасланнікі Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер падчас перамоў з украінскай дэлегацыяй пагразілі спыніць перадачу Кіеву разведвальных дадзеных, калі Украіна працягне атакаваць расійскія НПЗ.
Зяленскі таксама паведаміў, што Кіеў будзе далей каардынаваць дзеянні з еўрапейскімі лідарамі і дамагацца дадатковай ваеннай дапамогі. У першую чаргу гаворка ідзе пра сістэмы супрацьпаветранай абароны і боепрыпасы для баявой авіяцыі.
Нагадаем, Трамп раней заклікаў Украіну спыніць удары па расійскіх НПЗ. Ён тлумачыў гэта тым, што такія атакі прыводзяць да росту цэн на паліва ў ЗША. Кіеў у адказ заяўляў, што пойдзе на гэта, калі Расія перастане біць па ўкраінскай энергетыцы.