Журналісты высветлілі, дзе працуюць новыя сваякі "мамы Колі"
Дзіна эль-Дзіэфі / citydog.io
Пасля таго, як старэйшы сын Ірыны Абельскай ажаніўся з Дзінай эль-Дзіэфі, у "мамы Колі" з'явіліся новыя сваякі з боку нявесткі.
Сама жанчына працуе лекаркай у Рэспубліканскім клінічным цэнтры Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі і значыцца сярод супрацоўнікаў "Фонду Першага". І яе сваякі так ці інакш звязаныя з медыцынай, высветлілі журналісты "Бюро".
Родная сястра Дзіны Далья эль-Дзіэфі з'яўляецца аспіранткай Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта і акушэркай-гінекалагіняй прыватнага медцэнтра "Нардзін". Муж Дальі Ілья Сянько — уладальнік і дырэктар кампаніі "Дыстрымед". Яго фірма спецыялізуецца на аптовай дыстрыбуцыі і прасоўванні вырабаў медпрызначэння, расходных матэрыялаў і медтэхнікі ў Беларусі. "Дыстрымед" актыўна ўдзельнічае ў дзяржзакупках. У 2025 годзе яе выручка склала 3,2 мільёна рублёў, а чысты прыбытак — 14 тысяч рублёў.
Родны брат Дзіны і Дальі Хасан эль-Дзіэфі працуе дзіцячым хірургам у "Нардзіне". Яго жонка Юлія працавала ў адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, а потым — у адміністрацыі Лукашэнкі. Там яна займала пасаду дарадчыцы-кансультанткі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення.
У красавіку 2021-га Юлія перайшла ў Рэспубліканскі клінічны медцэнтр Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі — яго кіраўніцай з'яўляецца Ірына Абельская. Калі Абельская ўвайшла ў Савет Рэспублікі, Юлія эль-Дзіэфі стала яе афіцыйнай памочніцай.
Бацька Дзіны Фейсал Мухамед Рыхан эль-Дзіэфі доўгія гады быў звязаны з беларуска-палесцінскай абшчынай. У розных дакументах ён фігуруе то як яе прэзідэнт, то як сустаршыня. А з 2020 года Фейсал значыцца сярод работнікаў кампаніі "Райт Стэп". Яна займаецца медыцынскім турызмам і супрацоўнічала з Мінскай абласной клінічнай бальніцай, каб прыцягнуць пацыентаў з Лівіі. Сярод іх рэкламавалі уралагічныя аперацыі, а таксама паслугі ў галіне неўралогіі ды траўматалогіі. У 2025 годзе выручка кампаніі "Райт Стэп" склала 4,4 млн рублёў, чысты прыбытак — 1,2 млн.