Як змяніліся паводзіны квір-персон пасля з'яўлення артыкула за "ЛГБТ-прапаганду"
Апытанне TG House / pixabay.com
Дзве траціны беларускіх квір-персон змянілі паводзіны ў інтэрнэце пасля ўвядзення артыкула 19.16 КаАП. Пра гэта гаворыцца ў апытанні арганізацыі TG House, у якім прынялі ўдзел 87 чалавек.
Артыкул 19.16 КаАП уступіў у сілу ў сярэдзіне чэрвеня 2026 года. Ён прадугледжвае адказнасць за "прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі". Закон прыняты ў красавіку 2026 года.
Паводле вынікаў апытання, 63,2% рэспандэнтаў_к не публікуюць нічога, звязанага з квір-тэматыкай. 33,3% цалкам закрылі або выдалілі свае старонкі.
43,7% выдалілі старыя пасты, фота або лайкі, 37,9% перасталі адкрыта пісаць пра асабістае жыццё і ідэнтычнасць.
34,5% змянілі аватаркі і нікнеймы альбо закрылі профілі, 18,4% выдалілі профілі ў асобных сацсетках або месенджарах.
Нічога не мянялі 34,5% удзельнікаў.
За зменамі ў заканадаўстве сочаць 73,2% рэспандэнтаў_к, яшчэ 26,8% ведаюць пра іх у агульных рысах.