Я не патрэбны Ціханоўскай і дэмакратычнаму руху ні ў якой якасці — Бабарыка

Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка / lookby.media

Віктар Бабарыка не бачыць сябе ў цяперашняй сістэме беларускіх дэмакратычных сілаў. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю Радыё Свабода.

Бабарыка кажа, што цягам паўгода пасля вызвалення аналізаваў падзеі апошніх шасці гадоў. Экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду кажа, што палітыкам ён дакладна быў у 2020-м. А цяпер яму цяжка сказаць, ці з'яўляецца ён палітыкам.

"Я паўгода ці крыху больш патраціў на тое, каб прааналізаваць, а што, уласна, за ўсе гэтыя шэсць гадоў адбылося, і наколькі, як мне здаецца, я магу быць патрэбны палітычнаму лідару, руху, якія існуюць. І, як і ў 20-м годзе, я зразумеў, што нікому не патрэбны", — заяўляе Бабарыка. Ён дадае, што і ў 2020 годзе не быў патрэбны нікому з тагачасных партыяў і лідараў.

Разам з тым Бабарыка кажа, што не прапаноўваў супрацу прадстаўнікам дэмакратычных сілаў: "Я ніколі нікому нічога не прапаную. Калі я камусьці патрэбны, звычайна прыходзяць і кажуць: "Слухайце, давайце разам папрацуем".

Віктар Бабарыка быў вызвалены ў снежні 2025 года ў ліку 123 палітвязняў, якіх вывезлі з Беларусі пасля перамоваў з аміністрацыяй прэзідэнта ЗША. Цяпер ён жыве ў Германіі. Як нядаўна паведамлялася, Бабарыка плануе займацца бізнесам і зарэгістраваў кансалтынгавую кампанію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.