У Смалявічах — камунальны калапс праз засор у каналізацыі
Засор каналізацыі ў Смалявічах / smolevichi-24.by
У цэнтры Смалявічаў з 9 верасня прабіваюць засоры ў каналізацыі. Яны ўтварыліся з вільготных сурвэтак ды іншага смецця. У выніку сцёкі лінулі ў падвалы дзіцячага садка і мясцовага Дома культуры, піша раённае выданне smolevichi-24.by.
Увечары 9 верасня камунальнікі здолелі прабіць частку засору. Але яны адзначаюць, што засмечанымі аказаліся каля паўкіламетра каналізацыйнай сеткі.
"Толькі за ўчорашні вечар нашы рабочыя ўручную выцягнулі з калодзежа каля 10 вёдраў гэтага смецця! У агульнай складанасці вынялі больш за 200 кілаграмаў зляжалых сурвэтак і рыззя. І гэта далёка не ўсё — калодзеж дагэтуль поўны", — расказаў дырэктар Смалявіцкага водаканала Яўген Нікалаеў.
Калі засор прабіць не ўдасца, кажуць камунальнікі, давядзецца перакопваць плошчу ў цэнтры горада. Такія работы могуць заняць і месяц.