У Беларусі зафіксавалі першы за 13 гадоў выпадак шаленства ў чалавека
Гэта вельмі небяспечна / Shutterstock
У Беларусі ўпершыню за 13 гадоў зарэгістравалі выпадак шаленства ў чалавека. Захворванне выявілі ў жанчыны ў Магілёўскай вобласці — яна памерла пасля кантакту з хворай жывёлай. Паводле слоў спецыяліста Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, жанчына своечасова не звярнулася па медыцынскую дапамогу і не атрымала антырабічную прафілактыку.
Шаленства перадаецца праз укус, драпіну або трапленне сліны заражанай жывёлы на пашкоджаную скуру ці слізістыя абалонкі. Крыніцай інфекцыі могуць быць не толькі лісы і ваўкі, але і грызуны, вавёркі ды вожыкі. Пасля кантакту з падазронай жывёлай трэба як мага хутчэй звярнуцца да хірурга або траўматолага — менавіта лекар вызначае неабходнасць вакцынацыі і лячэння.
У Беларусі штогод каля 20 тысяч чалавек звяртаюцца па антырабічную дапамогу. Толькі за першыя шэсць месяцаў 2026 года такіх зваротаў было 12 954, у тым ліку 302 — пасля пацверджанага кантакту з хворымі на шаленства жывёламі. У Міністэрстве аховы здароўя заяўляюць, што прэпаратаў для вакцынацыі дастаткова.