У барысаўскай лякарні пасля шасці гадзін чакання ў прыёмнай памёр пацыент

Бальніца №2 у Барысаве 

Бальніца №2 у Барысаве  / 1prof.by

У прыёмным аддзяленні бальніцы №2 Барысаўскай ЦРБ памёр мужчына. Яго сваякі вінавацяць ва ўсім адсутнасць своечасовай медыцынскай дапамогі. Пра гэта ў сацсетках напісала ўнучка памерлага, звярнула ўвагу "Наша Ніва".

Дзяўчына кажа, што яе дзеда Уладзіміра Ткачова даставілі ў прыёмны пакой каля 9-й гадзіну ранку. Каля 11‑12-й гадзіны яго паглядзеў доктар, пасля чаго мужчыну паставілі кропельніцу. Доктар пазней не падыходзіў, хаця пацыент скардзіўся на здранцвенне рукі і задышку.

"Мы чакалі 6 гадзін. У 18:40 у яго пачалася пена з рота. Толькі тады яго забрала рэанімацыя. 6 гадзін без дапамогі! Гэта халатнасць, якая каштуе жыцця. Чаму пажылы чалавек з сімптомамі інсульту/інфаркту 6 гадзін ляжыць без доктара?!" — абураецца дзяўчына.

Пазней яна напісала, што дзед сканаў. Дзяўчына звяртаецца да Мінздароўя з патрабаваннем правесці праверку.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Ірына Лобах пацвердзіла выпадак і паведаміла, што ў бальніцы пачалі службовую праверку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.