"Смурод стаіць, а побач гуляюць дзеці". Камунальнікі гадамі ігнаруюць праблему гамельчукоў

Сметнік у Мічурынскай

Сметнік у Мічурынскай / gomel.today

Жыхары аграгарадка пад Гомелем скардзяцца на стыхійны сметнік. А камунальнікі гадамі ігнаруюць іх звароты.

Недзе ў 2020-м пад вокнамі шматпавярховікаў на вуліцы Міра ў Мічурынскай пачалі расці горы смецця. З часам вокны стала немагчыма адчыніць праз пах. А дзеці пачалі гуляцца з тым, што знаходзяць на звалцы — бо іншых дзіцячых пляцовак улады навокал не прадугледзелі.

"Прасілі прыбраць гэты сметнік падалей ад дому, але нам заявілі: пераносіць няма куды, жывіце так. Тэлефанавалі кіраўніцтву райвыканкама — у дзень званка адзін раз прыбралі, і на гэтым усё, горы выраслі зноў.

Нядаўна нават камеру відэаназірання каля гэтай памыйкі павесілі. Але ад камеры смурод нікуды не падзеўся", — скардзяцца мясцовыя.

У "Гомельскім райжылкамгасе" прызнаюць, што прадпрыемству не хапае тэхнікі. Ва ўсім Гомельскім раёне часам працуе адна спецмашына для вывазу смецця. А пасля закрыцця дробных звалак адкіды даводзіцца вазіць за дзясяткі кіламетраў на палігон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.