Польскае консульства ў Мінску паставіць на паўзу прыём заяў на Карту паляка
Карта паляка і беларускі пашпарт / Мост. Медыя
З 1 снежня па 17 студзеня консульскі аддзел амбасады Польшчы ў Мінску не будзе прымаць заявы па пытаннях “карты паляка”, заўважыла выданне “Позірк”. Прычына — арганізацыйныя моманты.
З такой жа фармулёўкай выдача дакумента стаяла на паўзе ў жніўні.
Карта паляка — дакумент, які пацвярджае прыналежнасць чалавека да польскага народа, але не з'яўляецца польскім грамадзянствам або дазволам на жыхарства. Яе могуць атрымаць грамадзяне іншых краін, якія маюць польскія карані або могуць пацвердзіць сувязь з польскай культурай і традыцыямі.
Беларусам пачалі выдаваць Карту паляка 29 сакавіка 2008 года. Менавіта ў гэты дзень уступіў у сілу адпаведны польскі закон і консульствы пачалі прымаць заявы. Першыя надрукаваныя дакументы ўручылі 1–3 траўня 2008 года.
Згодна афіцыйнай статыстыцы, на сёння Карту паляка могуць мець больш за 170 тысяч беларусаў.