Пасля прысуджэння Нобелеўскай прэміі падатковая напісала Бяляцкаму ў турму

Алесь Бяляцкі ў Нарвежскім інстытуце

Алесь Бяляцкі ў Нарвежскім інстытуце / Nobel Peace Center

Адзінае афіцыйнае паведамленне аб прысуджэнні Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі ў турме атрымаў ад... падатковай інспекцыі. Пра гэта праваабаронца расказаў на кніжным фестывалі Pradmova ў Варшаве.

Падзеі адбыліся ў кастрычніку 2022 года. На момант прысуджэння прэміі Бяляцкі больш за год перабываў у зняволенні. Пра ўганараванне яму расказалі іншыя вязні, а потым адвакат.

А неўзабаве аб'явілася і падатковая інспекцыя.

"Праз два тыдні прыйшоў ліст з падатковай інспекцыі Першамайскага раёна Мінска: "Аляксандр Віктаравіч, са сродкаў масавай інфармацыі мы даведаліся, што вы атрымалі Нобелеўскую прэмію. Ці збіраецеся вы плаціць падаткі?" Я спачатку думаў, што не буду адказваць, але потым вырашыў адказаць. Я напісаў, што я пра гэта нічога не ведаю, афіцыйнага паведамлення не атрымліваў, грошай няма і адстаньце".

Дарэчы, пасля памілавання Бяляцкага прымусова выслалі з Беларусі. Сваю частку Нобелеўскай прэміі ён не можа атрымаць дагэтуль, бо пасля высылкі мае праблемы з дакументамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.