Пад Расонамі затрымалі каля 350 удзельнікаў турзлёту
Турысты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
29 ліпеня пад Расонамі затрымалі каля 350 чалавек.
Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта былі ўдзельнікі штогадовага злёту, які праводзяць беларускія прадстаўнікі руху "Сям'я вясёлкі' (Rainbow Family), піша "Віцебская Вясна".
Гэты рух аб'ядноўвае прыхільнікаў ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай і пратэсту супраць умоўнасцяў капіталістычнага грамадства. Злёты ладзяцца у маланаселеных месцах, наметавыя гарадкі ставяць каля вадаёмаў.
Падчас міліцэйскага налёту, як адзначаюць праваабаронцы, людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі. Разам з дарослымі ноч у ІЧУ былі вымушаныя правесці і некалькі дзяцей.
На затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і папярэдзілі, што цягам двух месяцаў іх чакае суд.
Дарэчы, у 2025 годзе міліцыя склала такія ж пратаколы на студэнтаў са Шры-Ланкі, якія сабраліся разам адсвяткаваць Новы год. Тады былі затрыманыя больш за 300 замежнікаў.