На паўднёвым выездзе з Гомеля заўважылі падрыхтоўку да абсталявання блокпаста
Верагодна, гэта звязана з вучэннямі тэраборны / "Флагшток"
На паўднёвым выездзе з Гомеля зафіксавана падрыхтоўка да абсталявання умацаванага кантрольна-прапускнога пункта. Пра гэта паведамляе "Флагшток". Выданне звяртае ўвагу, што месца для збудавання выбрана з боку ўкраінскай мяжы.
На ўзбочыне трасы М-8 каля ўказальніка населенага пункта "Гомель" з'явіліся дзесяткі бетонных фундаментных блокаў і мяшкі з пяском. На ўсталяваных уздоўж дарогі слупах мантуецца канструкцыя, якая нагадвае антыдронавыя сеткі.
Як адзначае "Флагшток", размяшчэнне бетонных блокаў непасрэдна на ўзбочыне можа ўяўляць небяспеку для кіроўцаў: у цёмны час сутак выпадковы з'езд з праезнай часткі здольны прывесці да цяжкай аварыі.
Паводле меркавання "Флагштока", з'яўленне ўмацаванняў можа быць звязана з вучэннямі тэрытарыяльнай абароны, якія праходзяць у Гомелі ў цяперашні час.