На паказальных выступах брэсцкія дэсантнікі разрывалі жывых вужоў і жаб

Фота: "Брэсцкая газета".
Фота: "Брэсцкая газета".

2 жніўня ў Беларусі адзначылі Дзень паветрана-дэсантных войскаў. Па традыцыі, святкаванне суправаджалася паказальнымі выступамі дэсантнікаў. У Брэсце на вачах публікі байцы ляжалі на цвіках, дэсантаваліся з верталёта, разбівалі галавой цэглу і... разрывалі жывых вужоў і жаб.

У 38-й дэсантна-штурмавой брыгадзе, асабісты склад якой удзельнічаў у паказальных выступах, журналістам патлумачылі, што забіваць вужоў і жаб трэба для псіхалагічнай падрыхтоўкі байцоў. "Псіхалагічная падрыхтоўка — гэта вялікі працэс, гэта гатоўнасць да выканання любых задач", — распавёў "Брэсцкай газеце" намеснік камандзіра брыгады, палкоўнік Сяргей Сухавіла.

На яго думку, нельга сказаць, што гледачы былі не падрыхтаваныя да такога відовішча: "Там гармата Д-30 страляла, а дзеці там былі. Мы папярэджвалі. У пачатку было сказана: "Просім выконваць меры бяспекі, будзе гучна, будзе шумна".

На показательных выступлениях брестские десантники разрывали ужей и лягушек
Фота: "Брэсцкая газета".

"Магчыма, як элемент псіхалагічнай падрыхтоўкі такія дзеянні дапушчальныя, таму што салдат павінен абавязкова рыхтавацца да таго, каб вытрымліваць псіхічнае напружанне, быць устойлівым да стрэсу ў складаных сітуацыях, — каментуе сітуацыю псіхолаг з Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Вольга Рыбачук. — Але мэта дэманстрацыі не вельмі ясная. Калі дэсантнікі хацелі паказаць свае навыкі і ўменні, дык, думаю, у іх і так было шмат магчымасцяў гэта зрабіць. Такая дэманстрацыя можа нанесці непадрыхтаванаму гледачу, дзіцяці некаторыя псіхалагічныя траўмы".

На показательных выступлениях брестские десантники разрывали ужей и лягушек
Фота: "Брэсцкая газета".

Абаронцы жывёлаў настойваюць, што падобныя дзеянні дэсантнікаў павінны быць ацэненыя як жорсткае абыходжанне з жывёламі. У Крымінальным кодэксе на гэты выпадак ёсць артыкул 339. Пакараннем за жорсткае абыходжанне з жывёламі, што пацягнула іх гібель або калецтва, здзейсненае з хуліганскіх, карыслівых ці іншых нізкіх мэтаў ці ў прысутнасці заведама малалетняга, могуць стаць грамадскія працы, штраф, папраўчыя работы на тэрмін да аднаго года або арышт.

Тое ж дзеянне, учыненае паўторна або групай асобаў, караецца арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да аднаго года, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

"Я лічу, узняцце баявога духу не павінна межаваць з жорсткасцю да заведама слабых, і тым больш гэта не трэба дэманстраваць на святах, асабліва ў прысутнасці дзяцей, — адзначае кіраўнік валанцёрскай ініцыятывы "Абарона правоў жывёлаў г. Брэст" Ірына Амельянчук. — Ствараюцца падвойныя стандарты. З аднаго боку, за такія дзеянні прадугледжанае крымінальнае пакаранне. З іншага боку, гэта падтрымліваецца аўтарытэтам дэсантнікаў і ў цэлым войска. Дзеці могуць капіяваць такія паводзіны і ў далейшым лічыць іх нормай".