МЗС Чэхіі хоча спрасціць выдачу віз для сваякоў беларусаў, якія пражываюць у краіне

Чэхія, ілюстрацыйнае фота

Чэхія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністэрства замежных спраў Чэхіі хоча змяніць візавыя меры для сваякоў беларусаў, якія пражываюць у Чэхіі. З адпаведнай прапановай ведамства звярнулася ва ўрад, паведамляе Прадстаўніцтва беларускіх дэмсілаў у Чэхіі.

"Прапанова пашырае магчымасць падачы заяў на кароткатэрміновыя візы з мэтай наведвання сям'і для бліжэйшых сваякоў грамадзян Чэхіі, а таксама беларусаў з доўгатэрміновым або пастаянным відам на жыхарства на тэрыторыі Чэхіі",гаворыцца ў паведамленні.

У Прадстаўніцтве беларускіх дэмсілаў выказваюць надзею, што прапанова будзе ўхваленая і паспрыяе "захаванню ключавых чалавечых і сямейных сувязяў".

Раней гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з кіраўніком МЗС Чэхіі Пятром Мацынкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.