Міліцыя "крышуе" раскрадальнікаў паліва — Лукашэнка
Міліцыя, ілюстрацыйнае фота / Кадр з відэа
Міліцыянты "крышуюць" раскрадальнікаў аўтамабільнага паліва ў сельскай гаспадарцы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка сказаў на селектарнай нарадзе аб правядзенні ўборачнай кампаніі.
Ён заявіў, што Міністэрства ўнутраных спраў ад пачатку жніва выявіла 46 злачынстваў. Найперш гэта крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, а таксама крадзеж камплектуючых і запчастак, хабарніцтва.
Мясцовыя ўлады, паводле Лукашэнкі, да процідзеяння крадзяжам падыходзяць фармальна. Таму работнікі ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці.
"Асабліва абурае, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў замест таго, каб змагацца з гэтымі несунамі, уваходзяць з імі ў долю і "крышуюць", як у ліхія 90-я. Мужыкі, вы ж разумееце, што 90-х нават у гэтай дробязнай праблеме мы не дапусцім", — заявіў Лукашэнка.