Кіраўніцы творчай прасторы "Парасон" прысудзілі пяць гадоў калоніі

Інга Казючыц

Інга Казючыц / фота з яе сацсетак

Кіраўніцы творчай прасторы "Парасон" Інзе Казючыц прысудзілі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна павінна аплаціць штраф 90 тысяч рублёў (2000 базавых).

Адпаведны прысуд вынеслі менеджарцы культуры 10 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе, піша праваабарончы цэнтр "Вясна". Праваабаронцы прызналі Інгу Казючыц палітзняволенай.

Жанчыну затрымалі ў лютым 2026 года ў сваёй кватэры. Першапачаткова ёй выставілі падазрэнне ў "распальванні сацыяльнай варожасці". Потым да абвінавачванняў дадалі "паклёп на Лукашэнку", "абразу Лукашэнкі" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

"Парасон" (Parason) — незалежная творчая і культурна-адукацыйная прастора ў Мінску. Яна займалася папулярызацыяй беларускай культуры і мовы. Там ладзілі курсы народных рамёстваў, лекцыі пра беларускую гісторыю, кіно і тэатр, майстар-класы, квізы і культурніцкія сустрэчы, імпрэзы, прысвечаныя беларускім традыцыям і фальклору.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.