“Калі я вам патрэбны, то прыходзьце!”: якое лідарства прапануе Бабарыка — эфір
Ірына Сідорская / Еўрарадыё
Пасля вызвалення Віктар Бабарыка ўсё больш выразна дыстанцыруецца ад ролі палітыка. Ён кажа, што не бачыць сябе ў сённяшняй сістэме дэмакратычных сіл, што “нікому не патрэбны” і што, калі ён камусьці патрэбны, да яго павінны прыйсці самі. Пры гэтым Бабарыка застаецца ў палітычным полі, кажа пра запуск Belarus Network і даволі жорстка ацэньвае дэмакратычныя структуры: задумваецца пра тое, якую “дадатковую вартасць” яны стварылі для беларусаў, разважае над вынікам іх працы і над тым, чаму ў выпадку свабодных выбараў людзі ў Беларусі павінны выбраць менавіта іх… У яго мове шмат азначэнняў з бізнесу: KPI, эфектыўнасць, рэсурсы, вымяральны вынік.
Ці можна ўвогуле ацэньваць палітыку і грамадзянскую супольнасць паводле логікі паспяховага бізнес-праекта, і ці не ператвараецца справядлівае пытанне “дзе ваш вынік?” у абясцэньванне, калі не прызнаваць працу, якую тысячы людзей працягвалі рабіць пасля 2020 года? Якую адказнасць нясе лідар перад людзьмі, што яму паверылі, — нават калі ён не нясе ніякай адказнасці за рэпрэсіі, учыненыя рэжымам, і што наогул значыць быць лідарам: чакаць, пакуль цябе паклічуць, ці самому прапаноўваць, шукаць саюзнікаў, браць на сябе рызыку і адказнасць? Ці можна патрабаваць ад іншых справаздачы за апошнія шэсць гадоў, не ўключаючы ў гэты аўдыт самога сябе? Пра гэта і шмат што іншае мы і разважаем у жывым эфіры Еўрарадыё з медыяэксперткай Ірынай Сідорскай у 12:00.