Двое беларускіх альпіністаў зніклі ў гарах Кыргызстана
Зніклыя альпіністы
У гарах Кыргызстана зніклі двое беларускіх альпіністаў. Група перастала выходзіць на сувязь восем дзён таму — пасля таго, як прайшла складаны маршрут па Паўночным грэбні на пік Курумды.
60-гадовы Мікалай Свірыдаў і 43-гадовы Максім Палянскі — дасведчаныя альпіністы. Абодва маюць тытул "Снежны барс" — гэта значыць, што яны падняліся на ўсе пяць сямітысячнікаў былога СССР. Разам яны здзейснілі дзясяткі ўзыходжанняў, а да пад'ёму на Курумды рыхтаваліся не адзін месяц.
Трэці альпініст у групе — 37-гадовы Сяргей Рубцоў, які жыве ў Вільні. (На фота ён крайні справа.)
1 жніўня група ўзнялася на вяршыню. Апошні раз на сувязь альпіністы выйшлі 2 жніўня. Але да машыны, якая чакала іх 4 жніўня, не дабраліся.
Цяпер працягваецца пошукавая аперацыя. Паведамляецца, што пошукі ідуць на вышыні 5000 метраў.