Дваіх грамадзян Беларусі асудзілі ў Аўстрыі за парушэнне санкцый ЕС супраць Расіі
Суд, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com
Суд у Вене 12 жніўня асудзіў дваіх беларускіх грамадзян за парушэнне санкцый ЕС супраць Расіі. Як перадае DW, яны пастаўлялі абсталяванне расійскім кампаніям, а яно выкарыстоўвалася для вытворчасці ваеннай тэхнікі, у прыватнасці рухавікоў для ракет і знішчальнікаў.
Галоўным абвінавачаным на працэсе быў 28-гадовы дырэктар фірмы ў Вене. Для абыходу санкцый яго фірма выкарыстоўвала сетку падстаўных кампаній у трэціх краінах, у тым ліку ў Беларусі, Турцыі, ААЭ, Кыргызстане, Паўднёвай Карэі, Польшчы і Літве. Акрамя таго кампанія падрабляла сертыфікаты канчатковага атрымальніка для адпраўкі ў Расію металаапрацоўчых інструментаў і станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. Таксама на лаве падсудных апынулася яго 24-гадовая стрыечная сястра, якая займалася бухгалтэрыяй фірмы.
Абое прызналі сваю віну. Мужчына заявіў, што шчыра шкадуе пра гэтую сітуацыю. Ён сказаў, быццам дзейнічаў па ўказанні свайго бацькі і дзядзькі, якія працуюць у расійскай кампаніі (назва не паведамляецца).
Выявілася, што схема дзейнічала з 2022 года. Пракурор пагадзіўся, што абвінавачаны не адыгрываў у ёй вядучую ролю. Мужчыну прызначылі 21 месяц пазбаўлення волі, 19 месяцаў — умоўна. Яго сястры прысудзілі 15 месяцаў умоўна.
Раней у СМІ паведамлялася, што кіраўніка фірмы арыштавалі ў траўні. У той жа дзень улады канфіскавалі станкі і спецыялізаваныя інструменты на 140 тысяч еўра.