Час апраўданняў. Калонка Вадзіма Пракоп’ева
Блогер і рэстаратар Вадзім Пракоп'еў / euroradio.fm
Блогер Вадзім Пракоп’еў, які апошнімі днямі зноў вярнуўся ў публічную прастору, напісаў для Еўрарадыё калонку пра тое, чаму ў 2021 годзе дэмсілам не ўдалося пачаць дыялог з рэжымам Лукашэнкі.
***
Апошнія паўгода я назіраю паступовае пашырэнне акна Овертана ў камунікацыі дэмсіл: усё больш галасоў крытыкуюць Офіс Святланы Ціханоўскай за адсутнасць вынікаў. Мэты 2020 года так і не былі дасягнуты (спыненне рэпрэсій, пакаранне тых, хто ў іх удзельнічаў, новыя выбары), Офіс не дамогся вызвалення ніводнага палітвязня, няма нават хоць нейкага выразнага плана на будучыню. Чым больш крытыкі — тым больш апраўданняў і спроб перакласці віну на іншых, прынамсі, на таго ж Лукашэнку і ягонае атачэнне.
Чарговая такая спроба адбылася ў гэтую нядзелю. Спачатку дырэктарка “Нашай Нівы” Наста Роўда ў інтэрв’ю з былым памочнікам Макея Андрэем Бушылам намякнула на віну Макея, які не падтрымаў пратэсты. Затым Франак Вячорка адрэагаваў на гэтае інтэрв’ю артыкулам, у якім апісаў спробы ОСЦ пачаць перамовы з Лукашэнкам пры пасярэдніцтве Аўстрыі ў 2020–2021 гадах. Агульны пасыл зразумелы: Офіс зрабіў усё, што мог, але атачэнне Лукашэнкі не раскалолася, а сам Лукашэнка пад уплывам Расіі вырашыў не ўдзельнічаць у перамовах. Так бы мовіць, былі за крок ад поспеху, але не склалася.