Пра што сведчыць маўчанне ўлады пасля сыходу знакавых беларусаў. Меркаванне

Аляксандр Мілінкевіч, Святлана Курс, Мікалай Казека

Аляксандр Мілінкевіч, Святлана Курс, Мікалай Казека

Летам 2026 года пайшлі з жыцця выдатныя беларусы. Краіна страціла пісьменніцу Святлану Курс, палітыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча і легендарнага трэнера, які выхаваў цэлую плеяду алімпійскіх чэмпіёнаў па фрыстайле, — Мікалая Казеку.

Іх усіх аб’яднала тое, што ў Беларусі пра іх сыход не напісалі ўвогуле дзяржаўныя СМІ, ніхто з чыноўнікаў не выказаў спачування. Быццам іх не было ў гісторыі краіны.

І, ведаеце, гэты факт палохае мяне больш, чым іх смерць. 

Піша Максім Камерэр.

Святлана Курс і Аляксандр Мілінкевіч былі ворагамі для цяперашняй рэінкарнацыі рэжыму Лукашэнкі. Але ці былі яны ворагамі яму, скажам, у 2019 годзе?

Спартыўнага трэнера Мікалая Казеку наогул цяжка запісаць у ворагі беларускай улады. Да 2020 года ён ласкава прымаўся чыноўнікамі,  Аляксандр Лукашэнка нават вырашаў яго праблемы з законам пасля дарожнага інцыдэнту. І гэта нядзіўна, калі ўлічыць, колькі ён падрыхтаваў алімпійскіх чэмпіёнаў: Ганна Гуськова, Аляксей Грышын, Антон Кушнір і многія іншыя.

Але хапіла аднаго сумленнага (правільнага) учынку летам 2020 года, каб ашалелая ад страху сістэма выкрасліла яго імя са сваёй гісторыі.

Нават смерць не прымірыла і не дазволіла дараваць, разумееце? Нават да заклятых ворагаў часам прыходзяць на магілы. Нават непрыяцелю перад абліччам Смерці даруюць. Таму што калі там, на Небе, нешта ёсць, то лепш тут, на Зямлі, зрабіць правільна.

Але не ў Беларусі. Не ў сістэме Лукашэнкі. Не асабіста Лукашэнку.

Мы часта чуем, што рэжым баіцца. Што асабіста Лукашэнка баіцца. Але цяпер я думаю: а ці са страхам мы маем справу? Ці ёсць у падобных паводзін вызначэнне і тлумачэнне?

Як нам знайсці ўзаемаразуменне з тымі, хто пасля смерці паводзіць сябе не па-людску? Пры жаданні можна зразумець і Д’ябла. 

Але як зразумець таго, хто помсціць нават мёртвым?

Мяне не палохаюць тыя, хто дзеля ўлады гатовы забіваць і ісці да канца. Мяне палохаюць тыя, хто дзеля ўлады не баіцца нават Смерці.

Мы ўшануем і ўвекавечым памяць нашых герояў, але мы абавязкова мусім разабрацца і зразумець, што ў душы ў таго, хто так ставіцца да Смерці.

Гэты тэкст — меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце на [email protected] з пазнакай "Меркаванне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.