“Не паніка, а шок”. Беларусы Кракава — пра абстаноўку ў горадзе пасля тэракта

Кракаў пасля трагедыі

Кракаў пасля трагедыі / PAP / Art Service

— Я быў шакіраваны. Раней не сутыкаўся з падобным. Адчуванні не такія, як, напрыклад, падчас пратэстаў у Беларусі, дзе ты ведаеш аб небяспечнасці сітуацыі вакол. Тут жа — разуменне, што такое можа адбыцца наўпрост сярод твайго працоўнага дня, — распавядае ў размове з Еўрарадыё Сяржук, беларускі студэнт у Кракаве.

7 лістапада на Старым Рынку ў Кракаве 24-гадовы Міхал Аксіньскі адкрыў агонь па натоўпе з аўтамабіля. У выніку хлопец забіў шасцярых і параніў 16 чалавек. Неўзабаве стралка дагналі паліцэйскія. Падчас перастрэлкі ён параніў двух афіцэраў, але быў паранены і сам. Паліцэйскія знаходзяцца ў лякарні. Сам стралок не перажыў другую ноч. 

Напярэдадні Аксіньскі забіў сваю сям’ю ў іх кватэры ў Астроўцу Свентакшыскім: маці, бацьку і 21-гадовую сястру. 

Сяржук працуе кур’ерам, і ў момант трагедыі ён чакаў замову, якую затрымлівалі на 20 хвілін. Цяпер беларус жартуе, што, магчыма, Pizza hut уратаваў яго жыццё. 

— Я якраз збіраўся ехаць пасля яго дадому. Я жыву літаральна ў суседнім будынку ад месца затрымання стралка. У гэты момант мне патэліў сябра, які быў побач, запытаўся, ці я дома, бо вакол было вельмі шмат паліцыі, ратаўнікоў і іншых службаў. 

Пасля размовы з сябрам Сяржук пачаў шукаць інфармацыю ў медыя. 

“Прызначылі б смяротнае пакаранне“

Беларускі гід у Кракаве Глеб Ляпейка распавядае Еўрарадыё, што атрымаў шмат паведамленняў ад знаёмых, якія хваляваліся, што ў момант тэракта ён мог праводзіць экскурсіі. Стары Рынак — гэта візітоўка горада, з якога часта пачынаюцца туры.

“Не паніка, а шок”. Беларусы Кракава — пра абстаноўку ў горадзе пасля тэракта
Jakub Porzycki / REUTERS

— Відавочна, мяне як беларуса абурае падобнае, але я ўсведамляю, што такія выказванні выходзяць з недастатковай адукацыі і недахопу інфармавання па тэме, а таксама праз эмоцыі.

Як адзначае хлопец, беларусы таксама напачатку пісалі шмат негатыўных каментарыяў. Але цяпер у горадзе даволі спакойная абстаноўка. 

— У наш час сенсацыйныя навіны жывуць нядоўга, і на другі дзень пасля трагедыі быццам бы стала нашмат менш шуму вакол сітуацыі.

“Вельмі ціха на вуліцы”

— Да ўчора ў некаторых частках Старога горада стаялі паліцэйскія машыны з кантролем, было нашмат больш паліцыі ў межах цэнтра, але каб нешта радыкальна змянілася — не скажу, — дадае Сяржук.

Глеб Ляпейка застаўся пад уражаннем ад таго, як паводзіць сябе грамадства пасля тэракта. 

— Я не бачу панікі. На наступны дзень пасля тэракта, у нядзелю, я прыходзіў у цэнтр і на часовы мемарыял, які людзі стварылі, — вельмі ціха на вуліцы. Людзі мала размаўлялі. Камунікацыя ад органаў вельмі якасная і прафесійная. 

Паводле яго, улады горада цяпер шмат абмяркоўваюць, ці варта прымаць дадатковыя меры бяспекі, у прыватнасці, ставіць дадатковыя слупы, якія б не дазволілі заехаць машынам на Рынак, ці камеры відэаназірання. 

Напрыканцы Ляпейка звярнуў увагу, што людзі ўжо сабралі шмат грошай для сямей параненых паліцэйскіх (на момант напісання тэксту — 6 мільёнаў 500 тысяч злотых) і асобна — для іншых ахвяр трагедыі. А таксама шмат дактароў у свае выхадныя прыехалі ў шпіталі.

— Мне яшчэ спадабалася сімвалічная салідарнасць з боку горада Лодзь. Там трубач зайграў кракаўскі “Хэйнал” — гэта мелодыя, якую кожную гадзіну граюць з вежы Марыяцкага касцёла, — адзначыў беларускі гід у Кракаве.

У панядзелак у Кракаве прайшло шэсце ў памяць аб ахвярах атакі. У ім удзельнічалі прэм’ер-міністр Дональд Туск і прэзідэнт Караль Наўроцкі. Ішлі і мясцовыя беларусы.

“Не паніка, а шок”. Беларусы Кракава — пра абстаноўку ў горадзе пасля тэракта
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, мэр Кракава Лукаш Гібала і прэм'ер краіны Дональд Туск / Marek Bednarz / East News

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.