Больш за 80 цяперашніх палітвязняў асуджаныя за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

Вязні, ілюстрацыйнае фота

Вязні, ілюстрацыйнае фота / ПЦ "Вясна"

На сённяшні дзень не менш за 83 палітвязні асуджаныя па абвінавачанні ў "злосным непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі" (арт. 411 КК). Такую статыстыку паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Як стала вядома праваабаронцам, днямі па гэтым артыкуле будуць судзіць 33-гадовага грамадзяніна Украіны Паўла Кабарчука. Суд над ім пройдзе ў Магілёве, палітвязню пагражае яшчэ да двух гадоў зняволення.

Паўла і ягонага бацьку, 63-гадовага Сяргея Кабарчука, у 2023-м асудзілі на 20 гадоў калоніі. Іх абвінавацілі ў "агентурнай дзейнасці" на карысць Украіны, "незаконнае перамяшчэнне зброі" і "падрыхтоўцы тэракту".

Гэты артыкул Крымінальнага кодэкса праваабаронцы называюць адным з самых цынічных інструментаў ціску на палітвязняў, бо чалавек страчвае надзею на вызваленне. Некаторыя палітзняволеныя асуджаныя па ім ужо некалькі разоў. Падставай для дадатковага тэрміну зняволення можа стаць любая фармальная дысцыплінарная правіна ў калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.