Беларускі футбаліст не можа выступаць за чэшскі клуб праз праблемы з дакументамі
Герман Баркоўскі / ФК "Пуща"
Беларускі нападаючы Герман Баркоўскі не можа прымаць удзел у афіцыйных матчах чэшскага клуба "Градэц-Кралавэ" праз адміністрацыйныя складанасці з афармленнем дакументаў. Пра гэта паведамляе выданне iSport.
Форвард быў куплены ў польскага клуба "Пушча" ў жніўні 2026 года. Цяпер ён трэніруецца з новай камандай, аднак для выступленняў у Чэхіі яму неабходна атрымаць асобны дазвол на знаходжанне і працу. Польскія дакументы аўтаматычна на Чэхію не распаўсюджваюцца. Футбольная рэгістрацыя гульца аформлена, але клуб чакае рашэння профільных ведамстваў.
Паводле даных iSport, у "Градэц-Кралавэ" не ўпэўнены, што пытанне будзе вырашана станоўча. На гэтым фоне клуб ужо разглядае іншых форвардаў.
Адначасова разглядаецца варыянт вяртання Баркоўскага ў чэмпіянат Польшчы — паведамляецца пра цікавасць клуба "Заглембе" з Любліна. Размова можа ісці пра арэнду футбаліста як мінімум да зімы. Знайсці рашэнне неабходна да закрыцця трансфернага акна, якое адбудзецца 8 верасня.
Мінулы сезон беларус правёў в арэндзе ў клубе "Пяст", дзе згуляў 31 матч у Экстраклясе і забіў чатыры мячы.
Праблемы беларускіх футбалістаў у Еўропе
Беларускі пашпарт з'яўляецца пэўнай праблемай для гульцоў. Нагадаем, што Ілля Шкурын, выступаючы за "Легію", не змог прыняць удзел у матчы Лігі канферэнцый супраць шатландскага "Хіберніяна" праз немагчымасць атрымаць візу ў Вялікабрытанію для грамадзян Беларусі ў сціслыя тэрміны.
Таксама Шкурын не лятаў з "Легіяй" на матч кваліфікацыі Лігі Еўропы супраць "Актобе" у Казахстан з меркаванняў бяспекі.
"Футбаліст асцерагаецца, што крытыкуемы ім беларускі рэжым можа пры супрацоўніцтве з казахстанскімі службамі стварыць яму праблемы", — пісаў журналіст Canal+ Кшыштаф Марцыняк.