Беларуса ў ЗША асудзілі за парушэнне санкцый супраць Расіі

Суд, ілюстрацыйнае фота

Суд, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

22 верасня ў ЗША вынеслі абвінаваўчы прысуд 37-гадоваму Кірылу Гардзею, які мае беларускае і амерыканскае грамадзянства.

Федэральны суд прысяжных у Бостане прызнаў яго вінаватым у незаконнай пастаўцы адмысловага абсталявання з ЗША ў Расію. Гардзей — прэзідэнт транспартна-экспедытарскай кампаніі Apelsin Logistics (штат Фларыда), якая таксама мае адрас у Расіі і два сайты, зарэгістраваныя тамсама.

Паводле інфармацыі амерыканскай пракуратуры, у жніўні 2023 года беларус, парушыўшы ліцэнзійныя патрабаванні, дапамагаў пераслаць з ЗША праз турцыю ў Расію мас-спектрометр Orbitrap Exploris GC 240. Гэтая прылада  забяспечвае высокую якасць даных і дазваляе паскорыць навуковыя даследаванні.

Такая тэхніка патрапіла пад санкцыі пасля шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Як заяўляюць у пракуратуры, Гардзей падрабіў дакументы, пазначыўшы, што мас-спектрометр прызначаны для Узбекістана, а не для Расіі. Пры гэтым, як адзначаецца, ён сам арганізаваў адпраўку мас-спектрометра непасрэдна ў Маскву пасля яго прыбыцця ў Турцыю.

Яму пагражае да 20 гадоў зняволення. Прысуд будзе агучаны 12 студзеня 2027 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.