Амаль 900 беларусаў не пусцілі ў Польшчу за паўгода
Праверка беларускіх дакументаў на мяжы / podlaski.strazgraniczna.pl
За першае паўгоддзе 2026-га ў Польшчу не ўпусцілі 898 грамадзян Беларусі. Пра гэта сведчыць статыстыка польскай памежнай службы, якую вывучыла выданне MOST.
800 беларусаў не прапусцілі пры спробе ўехаць з Беларусі, яшчэ 31 нашага суайчынніка развярнулі пры спробе прыезду з іншых краін па-за ЕС (сюды ўваходзіць і кантроль у аэрапортах). Агулам, піша выданне, колькасць адмоваў беларусам на знешняй мяжы Еўрасаюза ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года вырасла больш чым на траціну.
Найбольшую колькасць адмоваў (584 выпадкі) зарэгістравалі ў памежным пункце Тэрэспаль на мяжы з Беларуссю.
Прычыны, па якіх беларусам адмаўляюць ва ўездзе ў Польшчу, самыя розныя. 154 чалавекі не змаглі падаць дакументы, якія пацвярджаюць мэту і права знаходжання ў ЕС, у васьмі не было дастатковых сродкаў, а ў чацвярых узніклі праблемы праз разлік тэрміну знаходжання ў Еўрасаюзе. Але найбольш за ўсё адмоваў беларусы атрымалі па "іншых прычынах», якія ў статыстыцы не тлумачацца.
Акрамя таго Польшча праводзіць выбарачны памежны кантроль на межах унутры Еўрасаюза — з Літвой і Германіяй. Там не ўпусцілі яшчэ 67 грамадзян Беларусі (57 — з Літвы). Пераважна гэта тыя, хто не меў пры сабе сапраўднага пашпарта (ці іншага праязнога дакумента) ці візы або ДНЖ.