Ад 2014 года украінскае грамадзянства атрымалі 52 беларускія добраахвотнікі
Украінскі пашпарт / cnaprv.gov.ua
Украінскае грамадзянства ад 2014 года, калі пачалася расійская агрэсія, атрымалі 52 беларускія добраахвотнікі. Справы яшчэ 22 беларусаў перададзеныя на разгляд Камісіі пры прэзідэнце Украіны па пытаннях грамадзянства. Пра гэта паведамляе выданне "Суспільне" са спасылкай на Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны.
Да пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ўкраінскае грамадзянства атрымалі 12 беларускіх добраахвотнікаў, а пасля лютага 2022 года — яшчэ 40.
У чэрвені 2025-га Вярхоўная Рада Украіны спрасціла атрыманне грамадзянства для іншаземцаў, якія служаць ва ўкраінскіх сілах абароны. Цяпер для гэтага дастаткова праслужыць паводле кантракту адзін год замест ранейшых трох.
Таксама паведамляецца, што з траўня па жнівень 2026-га года часовыя дазволы на жыхарства ва Украіне ўпершыню або пры абмене атрымалі 45 грамадзян Беларусі, якія служаць ва ўкраінскіх Сілах абароны.
Улік такіх дакументаў ва Украіне пачалі весці з траўня. Раней замежным добраахвотнікам для пацвярджэння законнасці свайго перабывання ва Украіне было дастаткова вайсковага білета і кантракту. Цяпер да 10 лістапада 2026 года ўсе дзейныя замежныя вайскоўцы Сіл абароны Украіны абавязаныя прайсці працэдуру легалізацыі.