54-гадовая жанчына нарадзіла дачку з эмбрыёна, замарожанага 22 гады таму

Крысціна Рапці-Цялепі нарадзіла дачку з эмбрыёна, які быў замарожаны ў 2004 годзе

Крысціна Рапці-Цялепі нарадзіла дачку з эмбрыёна, які быў замарожаны ў 2004 годзе

У Афінах 54-гадовая Крысціна Рапці-Цялепі нарадзіла дачку з эмбрыёна, які быў замарожаны яшчэ ў 2004 годзе. Дзяўчынка па імені Джорджыя з'явілася на свет 9 верасня і важыла 3,49 кг.

Жанчына прайшла працэдуру ЭКА ў 2004 годзе і тады нарадзіла сына, а эмбрыёны, якія засталіся, захавала. У кастрычніку 2025 года яе 21-гадовы сын загінуў у ДТЗ, пасля чаго Рапці-Цялепі вырашыла выкарыстаць адзін з замарожаных эмбрыёнаў. Да гэтага моманту яна дасягнула ўстаноўленага ў Грэцыі гранічнага ўзросту для ЭКА — 54 гадоў.

Грэчаскія ўрачы першапачаткова назвалі гэты выпадак сусветным рэкордам па працягласці захоўвання эмбрыёна перад паспяховымі родамі. Аднак гэта не так: у ЗША ў ліпені 2025 года нарадзілася дзіця з эмбрыёна, які захоўваўся замарожаным 31 год.

Сама Рапці-Цялепі сказала, што пасля перажытай страты нараджэнне дачкі стала для сям'і новым пачаткам. Яе муж пасля родаў выступіў за адмену ўзроставага абмежавання для ЭКА ў Грэцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.