Удава Мелказёрава ўпершыню расказала пра акалічнасці ягонай смерці
Мікіта Мелказёраў / Еўрарадыё
Ліна Цапава ўпершыню публічна падзялілася падрабязнасцямі пра смерць свайго мужа — журналіста Мікіты Мелказёрава. Ён раптоўна памёр у ноч на 21 снежня 2025 года, маючы 37 гадоў.
"У нас быў супербесклапотны, прыемны такі вечар перад Калядамі 20 снежня. 22-га Мікіта павінен быў ляцець на інтэрв'ю ў Вільню, а ў мяне павінен быў быць іспыт па кіраванні аўтамабілем. Напярэдадні я рыхтавалася, пайшла на практыку, у яго былі чарговыя здымкі", — згадвае яна.
Жанчына кажа, што ўвечары яны вырашылі для настрою паглядзець калядныя фільмы, каб адпачыць.
"Мяне супакойвала доўгі час думка, што ў гэты вечар мы рабілі вельмі шмат рэчаў, якія ён любіў. Рэальна вось проста па спісе: елі ежу, якую ён любіў, абдымаліся, казалі адзін аднаму ўсякія прыемнасці. Ён нават змог зрабіць фота — ніхто не разлічваў, што яно будзе апошнім у нашым сямейным [жыцці], дзе мы ляжым /.../ і ўсміхаемся", — кажа Ліна.
У тую ж ноч Мікіта памёр. "Я яго знайшла дома ў ваннай і не магу апісваць тое, што адбываецца, таму што ўсё яшчэ не ведаю прычын смерці. /…/ Аддаю перавагу не думаць, атручэнне гэта ці натуральная смерць", — каментуе жонка.
Ліна згадвае свой адчай, калі а 4-й гадзіне раніцы не было каму нават затэлефанаваць у чужой краіне: "Смерць у эміграцыі — хэштэг. Нікога ў цябе няма. І нікому ты не затэлефануеш, бо нават калі патэлефануеш у 4:00 раніцы, твае бацькі не прыедуць". Адна з супрацоўніц хуткай дапамогі дапамагла ёй справіцца з шокам, проста камандуючы, што рабіць.
Таксама Цапава кажа, што ёй даводзіцца несці "цяжар удавы Мелказёрава", хоць яна не хацела такога статусу. Яна прызнаецца, што не дзеліцца падрабязнасцямі, бо для такіх людзей, як яна, вяртанне ў звычайнае жыццё ніколі не будзе своечасовым і заўжды будзе выклікаць крытыку.